Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 красавіка: былога памежніка асудзілі на 10 гадоў калёніі за «здраду дзяржаве»


Суд у Горадні. архіўнае фота
Суд у Горадні. архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Горадзенскім абласным судзе асудзілі 42-гадовага палітзьняволенага Сяргея Цераховіча, паведамляе «Вясна». Прысуд вынесьлі 10 сакавіка, але праваабаронцы ўведалі яго толькі цяпер.

Сяргея Цераховіча абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і прызначылі 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Падрабязнасьці справы невядомыя, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд вынес Юры Казакевіч.

Пра Сяргея Цераховіча вядома, што ён нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у Горадні. Паводле зьвестак BelPol, ён да канца 2016 году служыў старшым тэхнікам у памежнай частцы 2141, якая абслугоўвала пункт «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Служба скончылася незразумелым інцыдэнтам на мяжы — Сяргей самастойна адкрыў шлягбаўм і дазволіў «грамадзянцы Цераховіч» (незразумела, гэта ягоная сваячка ці не) выехаць з пункту пропуску.

Паводле зьвестак Digital Intelligence Team, пасьля 2016 году Цераховіч заняўся ўласным бізнэсам. Сяргей стаў дырэктарам фірмы «СеВiРi сэрвiс», якая надавала рытуальныя паслугі. Таксама ён мае статус ІП, сфэрай дзейнасьці якога пазначаная «Паштовая і кур’ерская дзейнасьць».

Цераховіча затрымалі ў 2024 годзе. Суд над ім пачаўся 17 лютага 2025 году. У справе адбылося пяць судовых паседжаньняў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG