Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы ўдарылі дронамі па Адэсе, адзін зь іх трапіў у жылы дом. Ёсьць пацярпелыя


Ратавальнікі тушаць пажар пасьля аднаго з папярэдніх расейскіх удараў па Адэсе, сакавік 2025
Ратавальнікі тушаць пажар пасьля аднаго з папярэдніх расейскіх удараў па Адэсе, сакавік 2025

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 22 красавіка масіравана ўдарылі па Адэсе бесьпілётнікамі. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі тры чалавекі.

Мэр Адэсы Генадзь Труханаў напісаў, што адзін з дронаў трапіў па жылой забудове ў густанаселеным раёне горада — многія кватэры пашкоджаныя. «Жыхары прыходзяць у сябе ад шоку», — дадаў ён.

Паводле Труханава, на месцы ўзьнік пажар, на месцах працуюць апэратыўныя і камунальныя службы.

Кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер піша, што мэдыцынскія работнікі надаюць пацярпелым неабходную дапамогу. Паводле папярэдніх зьвестак, гаворка ідзе пра трох пацярпелых. Такія ж зьвесткі прыводзяць і ратавальнікі.

Расейскія вайскоўцы таксама білі па Адэсе і Адэскай вобласьці ў Вялікдзень 20 красавіка. Тады, паводле кіраўніка Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алега Кіпера, пацярпелі тры чалавекі, у тым ліку непаўналетнія.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.

Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году ахвяраў пабольшала на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG