Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
ЗША скасавалі гранты на падтрыманьне дэмакратыі для Беларусі і шэрагу іншых краінаў на 214 мільёнаў даляраў

ЗША скасавалі гранты на падтрыманьне дэмакратыі для Беларусі і шэрагу іншых краінаў на 214 мільёнаў даляраў


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША скасаваў 139 грантаў на замежныя праекты ў галіне мэдыя, дэмакратыі і барацьбы з дэзынфармацыяй, а таксама ў сфэры роўнасьці і інклюзіўнасьці ў шэрагу краін, сярод якіх Беларусь, Малдова, Узбэкістан і іншыя краіны.

Пра скасаваньне грантаў у сацыяльнай сетцы Х паведамілі дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, а таксама Дэпартамэнт эфэктыўнасьці ўраду ЗША (DOGE) пад кіраўніцтвам Ілана Маска.

Ведамства скасавала 139 грантаў на агульную суму 214 мільёнаў даляраў. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё зацьвердзіў гэтае рашэньне напярэдадні.

У прыватнасьці, скасавалі грант на 2,4 мільёна даляраў для праекту «Рэагаваньне на дэзынфармацыю з дапамогай крэатыўнага кантэнту ў Беларусі».

Таксама ЗША скасавалі гранты на 2,5 млн даляраў для «прасоўваньня крытычнага грамадзянскага ўдзелу» ва Ўзбэкістане, на 2 млн даляраў для «пашырэньня ўстойлівасьці і ўлучанасьці ў напісаньне навінаў» у Малдове, на 750 тысяч даляраў для «павышэньня ўстойлівасьці і адаптацыі грамадзянскай супольнасьці» ў Кіргізстане.

Акрамя гэтага, скасавалі вылучэньне грантаў на 1,7 млн даляраў для «Незалежных мэдыя за мір і дэмакратыю» у Эўропе, на 5,2 млн даляраў ЗША для праграмы барацьбы з дэзынфармацыяй у Вялікай Брытаніі і шэраг іншых.

Дзяржаўны сакратар Марка Рубіё заявіў, што «амэрыканскія падаткаплатнікі не павінны фінансаваць аблудных праграмаў» і што яго ведамства «прыбірае беспарадак, які пакінула папярэдняя адміністрацыя, і аднаўляе агенцтва, засяроджанае на тым, каб паставіць Амэрыку на першае месца».

Скасаваньне замежнай дапамогі адміністрацыяй Трампа

Адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа прызначыла ключавога супрацоўніка Дэпартамэнту эфэктыўнасьці ўраду (DOGE) выканаўцам абавязкаў кіраўніка замежнай дапамогі ў Дзяржаўным дэпартамэнце, паведаміла 15 красавіка Reuters з спасылкай на высокапастаўленага службоўца ЗША і ўнутраны ліст, які пабачыла агенцтва.

Неназваны высокапастаўлены чыноўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту пацьвердзіў у аўторак, што Джэрэмі Левін, адзін з ключавых супрацоўнікаў DOGE, які ўдзельнічаў у ліквідацыі Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID), цяпер выконвае абавязкі дырэктара замежнай дапамогі.

28-гадовы супрацоўнік DOGE замніць Піта Марока, чыноўніка адміністрацыі Трампа, якога называюць аўтарам пляну ліквідацыі USAID — калісьці галоўнага гуманітарнага інструмэнта Вашынгтону. Усё, што застанецца ад агенцтва, падобна, будзе ўлучана ў склад Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Аўтар пляну ліквідацыі USAID Піт Марока
Аўтар пляну ліквідацыі USAID Піт Марока

Прызначэньне Левіна адбываецца падчас завяршэньня разбурэньня USAID. Гэта складнік беспрэцэдэнтнай спробы самога Трампа і яго дарадцы Ілана Маска зьменшыць фэдэральны ўрад дзеля спыненьня, як яны заяўляюць, «марнатраўнага» выкарыстаньня падаткаў грамадзянаў.

Пасьля ўступленьня Трампа на пасаду 20 студзеня яго адміністрацыя скасавала мільярды даляраў замежнай дапамогі, заяўляючы, што фінансаваныя праграмы не адпавядаюць прынцыпу Трампа «Амэрыка перадусім».

Шырокамаштабная рэарганізацыя амэрыканскай падтрымкі паставіла пад пагрозу пастаўкі жыцьцёва неабходнай ежы і мэдычнай дапамогі, а таксама прынесла хаос у глябальныя гуманітарныя ініцыятывы.

У сакавіку дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што адміністрацыя скасавала больш за 80% усіх праграмаў USAID.

На мінулым тыдні адміністрацыя вырашыла аднавіць прынамсі шэсьць нядаўна скасаваных міжнародных праграмаў неадкладнага харчовага забесьпячэньня — усяго празь некалькі дзён пасьля іх скасаваньня. Паводле ўнутранага ліста USAID, які бачыла агенцтва Reuters, Левін папрасіў прабачэньня за «хістаньні» ў рашэньнях стасоўна гэтых праграмаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG