Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія вайскоўцы зноў ударылі дронамі па Адэсе, ёсьць пацярпелыя. Учора горад наведаў генэральны сакратар NATO


Наступствы расейскага ўдару па Адэсе 16 красавіка 2025 году (фота з Telegram-каналу мэра Адэсы Генадзя Труханава)
Наступствы расейскага ўдару па Адэсе 16 красавіка 2025 году (фота з Telegram-каналу мэра Адэсы Генадзя Труханава)

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 16 красавіка ўдарылі па Адэсе бесьпілётнікамі. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсьць трое пацярпелых.

Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелі тры чалавекі, паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны. Як гаворыцца ў паведамленьні ратаўнікоў, пасьля ўдару гарэлі жылыя дамы, пашкоджаныя складзкія будынкі.

Раніцай 16 красавіка Расея таксама абстраляла Херсон, у выніку абстрэлу загінуў адзін чалавек, трое пацярпелі, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Аляксандар Пракудзін. Кіраўнік вайсковай адміністрацыі гораду Раман Мрочка падчас запісу відэазвароту да насельніцтва таксама трапіў пад расейскі абстрэл, ён не пацярпеў.

15 красавіка генэральны сакратар NATO Марк Рутэ наведаў Адэсу разам з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім і заявіў пра непахісную падтрымку Ўкраіны ў сувязі з працягам расейскага ўварваньня.

«NATO застаецца з Украінай. Мы з вамі ведаем, што так было заўсёды. Я таксама ведаю, што апошнія пару месяцаў падтрымку NATO паддавалі сумневу. Але няхай ніякіх сумневаў ня будзе. Наша падтрымка непахісная», — падкрэсьліў падчас паездкі Рутэ.

Зяленскі расказаў, што ён і Рутэ наведалі шпіталь, у якім байцы УСУ аднаўляюць здароўе пасьля раненьняў. Украінскі прэзыдэнт і генэральны сакратар NATO абмеркавалі, сярод іншага, узмацненьне супрацьпаветранай абароны.

«Абсалютна кожны бачыць, наколькі вострая патрэба Ўкраіны ў сыстэмах СПА і ракетах да іх. Мы разьлічваем, што нашы дамоўленасьці аб СПА з партнэрамі ў Эўропе, у Амэрыцы будуць рэалізаваныя», — сказаў Зяленскі.

Візыт кіраўніка Паўночнаатлянтычнага альянсу ва Ўкраіну адбыўся праз два дні пасьля расейскага ракетнага ўдару па горадзе Сумы ў Вербную нядзелю, ахвярамі якога сталі 35 чалавек, яшчэ каля 120 атрымалі раненьні, у тым ліку дзеці.

У Адэсе Марк Рутэ заявіў, што заходні вайсковы альянс у складзе 32 дзяржаваў па-ранейшаму рашуча падтрымлівае Кіеў поруч зь мірнымі намаганьнямі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Паводле кіраўніка NATO, ён і Зяленскі абмеркавалі перамовы, якія адміністрацыя Трампа вядзе як з Расеяй, так і з Украінай. Рутэ адзначыў, што гэтыя абмеркаваньні няпростыя, але ўсе бакі, паводле яго, падтрымліваюць імкненьне Трампа да міру.

Уладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Маркам Рутэ пракамэнтаваў заявы спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Стыва Ўіткафа пра «пяць тэрыторыяў».

«Украіна — сувэрэнная дзяржава, і ўсе тэрыторыі належаць толькі ёй. Таму для яе непрымальна прызнаваць часова акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі расейскімі дзеля мірнай дамовы», — падкрэсьліў Зяленскі.

Прадстаўнік Трампа Ўіткаф удзельнічае ў кантактах з Масквой і, у прыватнасьці, на мінулым тыдні размаўляў у Пецярбургу з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Пасьля сустрэчы Ўіткаф заявіў, што падчас перамоваў ЗША нарэшце высьветлілі, якія патрабаваньні расейскага боку для ўстанаўленьня «трывалага міру». Паводле яго, гэта тычыцца «так званых пяці тэрыторыяў, але ёсьць яшчэ больш аспэктаў». Пра патрабаваньні захаваць за Масквой анэксаваныя ўкраінскія тэрыторыі Пуцін казаў і да гэтага.

Агенцтва Reuters у сувязі зь візытам Марка Рутэ ва Ўкраіну нагадвае новыя крытычныя выказваньні Трампа ў адрас Зяленскага. Прэзыдэнт ЗША днямі ўсклаў на яго частку адказнасьці за пачатак вайны. Кіраўнік NATO 15 красавіка заявіў, што «няма ніякіх сумневаў у тым, што канфлікт пачала Масква». «Расея — агрэсар, няма ніякіх сумневаў», — падкрэсьліў Рутэ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG