Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік расейскай выведкі Нарышкін на сустрэчы з Лукашэнкам выказаў пагрозы на адрас краін Балтыі і Польшчы


Перамовы Сяргея Нарышкіна і Аляксандра Лукашэнкі. Архіўнае фота
Перамовы Сяргея Нарышкіна і Аляксандра Лукашэнкі. Архіўнае фота

Перамовы Сяргея Нарышкіна і Аляксандра Лукашэнкі праходзяць у закрытым рэжыме, але некалькі заяў у іх пачатку апублікавалі. Зь іх вядома, што бакі абмяркоўваюць расейскую вайну ва Ўкраіне і сытуацыю на межах з краінамі NATO.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дырэктарам Службы замежнай выведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным заявіў аб намеры абмеркаваць шэраг пытаньняў і сумесныя дзеяньні на пэрспэктыву, паведаміла БЕЛТА.

«Прыемна сустрэцца з вамі, чакаю такой сустрэчы, калі даецца магчымасьць для таго, каб, шчыра кажучы, і гадзіньнікі зьверыць, і параіцца ў некаторых пытаньнях, і паглядзець недалёкую пэрспэктыву, як мы будзем дзейнічаць, што рабіць, абмеркаваць шэраг палітычных пытаньняў, асабліва ў гэтай турбулентнай сытуацыі. Для мяне вельмі важна», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы Сяргея Нарышкіна ў Менску.

Нарышкін перадаў Лукашэнку прывітаньне ад Пуціна і сказаў, што, на яго думку, «мірнае рашэньне ва Ўкраіне мае на ўвазе яе бязьядзерны статус, адмену дыскрымінацыйных законаў і прызнаньне сувэрэнітэту межаў РФ», цытуе яго словы тэлеканал АНТ.

Нарышкін заявіў, што ў «Польшчы і Прыбалтыцы павінны зразумець, што яны пацярпяць першымі ў выпадку агрэсіі NATO супраць Саюзнай дзяржавы».

Нарышкін пры гэтым сказаў, што нібыта «Польшча і прыбалтыйскія рэспублікі адрозьніваюцца асаблівай агрэсіўнасьцю, ва ўсякім разе на словах, увесь час бразгаюць зброяй. Польшча дайшла да таго, што заяўляе аб сваіх плянах уздоўж межаў Беларусі і Калінінградзкай вобласьці ўстанавіць каля двух мільёнаў супрацьтанкавых мін, хацела б атрымаць яшчэ амэрыканскую ядзерную зброю».

Ён сказаў, што ў гэтых краінах ня могуць зразумець, што менавіта нарошчваньне ваеннай актыўнасьці каля межаў Расеі і Беларусі «стала адным з фактараў і прычын цяперашняга вялікага, вельмі небясьпечнага крызісу на эўрапейскім кантынэнце».

Пасьля гэтых заяваў сустрэча працягнулася ў закрытым фармаце. У перамовах прымае ўдзел кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль. Візыт Нарышкіна ў Менск раней не анансавалі.

Раней у красавіку міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што адказ NATO на вучэньні «Захад-2025» у Беларусі будзе залежаць ад колькасьці задзейнічаных расейскіх і беларускіх сіл і сродкаў.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка казаў аб сумесных расейска-беларускіх вучэньнях, заплянаваных на верасень 2025 года. «Я падпісаў дырэктыву наконт гэтых вучэньняў, таму што мне трэба іх тут арганізаваць і гэтак далей, палігоны вызначаны», — заявіў Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Мір», апублікаваным 10 красавіка.

У лютым 2022 года адбылося поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пасьля завяршэньня сумесных ваенных вучэньняў дзьвюх краін у Беларусі. Расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Хто такі Сяргей Нарышкін

Сяргей Нарышкін — дырэктар замежнай выведкі Расеі, адказны за разьвязваньне вайны Расеі супраць Украіны, якую падтрымлівае Аляксандар Лукашэнка.

Большую частку сваёй кар’еры Сяргей Нарышкін правёў побач з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Нарышкін заставаўся ценем Пуціна ў Санкт-Пецярбургу ў 1990-х гадах, затым быў у канцылярыі прэзыдэнта ў 2004 годзе і сьпікерам парлямэнту Расеі. Узначальвае Расейскае гістарычнае таварыства.

Нарышкін за сваю ролю ў вайне трапіў пад санкцыі Эўразьвязу, ЗША, іншых заходніх краін, а таксама Японіі, Новай Зэляндыі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG