«Крэмль працягвае спрабаваць выкарыстоўваць ядзерныя пагрозы, каб стрымаць заходнюю вайсковую дапамогу Ўкраіне напярэдадні контранаступу ўкраінскага войска», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту.
Паводле экспэртаў, у заявах міністра абароны Расеі, зробленых 4 красавіка, няма ніякай новай інфармацыі, бо аб трэнаваньнях беларускіх разьлікаў комплексу «Іскандэр-М» было вядома яшчэ ў лютым. Летась Расея ўжо паведамляла і аб перадачы гэтага комплексу Беларусі.
«Рыторыка ядзернага шантажу Шайгу супадае з уступленьнем Фінляндыі ў NATO і новым пакетам дапамогі ЗША Ўкраіне. ISW працягвае ацэньваць, што рызыка ядзернай эскаляцыі застаецца вельмі нізкай і што разьмяшчэньне Расеяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі малаімавернае, каб паўплываць на рэаліі баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. У выпадку разьмяшчэньня, ядзерная зброя ў Беларусі таксама амаль напэўна застанецца пад кантролем расейскага пэрсаналу, пастаянна дысьлякаванага ў Беларусі», — перакананыя экспэрты ISW.
У Інстытуце вывучэньня вайны таксама мяркуюць, што ў часе візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву Крэмль будзе спрабаваць «прымусіць Беларусь да далейшай інтэграцыі ў „саюзную дзяржаву“».
«У Крамлі заявілі, што расейскія і беларускія афіцыйныя асобы таксама плянуюць дамовіцца аб іншых „практычных пытаньнях далейшай інтэграцыі“, магчыма, у сфэры абмену выведнымі зьвесткамі», — мяркуюць экспэрты ISW.
Яны нагадалі, што гэтаму візыту папярэднічала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Службы замежнай выведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным.
«Крэмль можа ціснуць на Беларусь, каб яна пайшла на дадатковыя інтэграцыйныя саступкі пад выглядам абароны „саюзнай дзяржавы“ ад нібыта заходніх ваенных і тэрарыстычных пагроз», — перакананыя ў Інстытуце вывучэньня вайны.
Аляксандар Лукашэнка зь візытам наведае 5-6 красавіка Маскву, дзе правядзе сустрэчы з расейскім кіраўніцтвам. 6 красавіка ў сталіцы Расеі адбудзецца пасяджэньне найвышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» з удзелам Пуціна і Лукашэнкі.
Сяргей Нарышкін прыяжджаў у Менск 4 красавіка. На сустрэчы зь ім Аляксандар Лукашэнка падзякаваў расейскаму боку за дапамогу ў тэхнічным перааснашчэньні беларускага КДБ.
«Вы, напэўна, гэта заўважылі, што апошнім часам мы выведнымі дадзенымі абменьваемся больш інтэнсіўна. І якасьць інфармацыі палепшылася. Гэта перш за ўсё зьвязана з актывізацыяй дзейнасьці Камітэту дзяржбясьпекі. Але і немалаважная роля ў тым, што расейцы вельмі сур’ёзна, і вы перш за ўсё, дапамагаеце нам у тэхнічнай выведцы. Што тут хаваць, сёньня бяз тэхнікі наўрад ці можна атрымаць добрую, дакладную інфармацыю», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Нарышкіным.