У сваім допісе ў сацыяльнай сетцы каманда, якая ўтрымлівала клюб, адзначыла, што больш ня мае такой магчымасьці, а арэнду на памяшканьне зь ёй не падаўжаюць.
«Усе спробы захаваць клюб вычарпаныя і, на жаль, наша каманда стала апошняй з тых, хто трымаў гэты клюб. Калі ў мінулыя гады заўсёды заставаўся шанец аднавіць дзейнасьць, то на гэты раз гэта ўжо зусім іншая гісторыя, больш складаная і сумная.
Тое, што нам давядзецца сыходзіць, мы даведаліся ўжо на другі месяц пераадкрыцьця, калі нам прыйшоў ліст аб тым, што дамова арэнды працягвацца ня будзе. Аднак мы наіўна ўсё яшчэ ня кідалі спробаў, імкнуліся да апошняга і шукалі магчымыя шляхі. Недзе нам ішлі насустрач, а недзе не».
Першай прычынай закрыцьця стала тое, што будынак, у якім месьціцца клюб, аддаецца пад рэканструкцыю ў найбліжэйшыя пару гадоў. Другім чыньнікам закрыцьця стала адсутнасьць магчымасьці працаваць уначы.
«Мы не зьяўляемся бізнэсоўцамі. Мы — каманда, якая складаецца з простых людзей, музыкаў і сумежных галінаў. Мы загналі нашы сем'і ў даўгі і страцілі ўсё ўсяго за нейкі год існаваньня», — дадала каманда.
Сваё становішча ўладальнікі Brugge акрэсьлілі як настолькі кепскае, што яны нават ня маюць магчымасьці прадаць клюб.
Форум