Агулам у шорт-ліст увайшлі шэсьць выдаўцоў, сярод іх — двое беларусаў:
- Надзея Кандрусевіч, выдавецтва Koska, Беларусь (у выгнаньні ў Швэцыі);
- Дзьмітры Строцаў, выдавецтва Hochroth Minsk, Беларусь (у выгнаньні ў Нямеччыне).
Акрамя беларусаў, у шорт-ліст прэміі трапілі выдаўцы з Альжыру, Лібану, Расеі і ЗША.
«Свабода публікацыі зьяўляецца жыцьцёва важнай умовай для існаваньня свабоды выказваньня і для таго, каб людзі маглі ў поўнай меры карыстацца правам на чытаньне, — адзначае Крыстэн Эйнарсан, старшыня Камітэту IPA па свабодзе публікацыі. — Прэмія IPA Prix Voltaire прысуджаецца тым выдаўцам, якія змагаюцца за сваю свабоду публікаваць, за сваю свабоду прызнаваць выдатныя працы творцаў і спрабаваць данесьці іх да чытачоў. Як мы бачым з навакольнага сьвету, свабода выказваньня можа вельмі хутка зьнікнуць, што, відавочна, адаб’ецца на свабодзе публікацыі. Гэта правы, за якія мы павінны ўвесь час змагацца. І, як паказваюць некаторыя з нашых сёлетніх намінантаў, змагацца нават у выгнаньні».
Беларуска Надзея Кандрусевіч заснавала выдавецтва дзіцячых кніг Koska ў Беларусі ў 2018 годзе, каб выпускаць літаратуру на беларускай мове. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў выдавецтва «Коска» канфіскавалі выданьні, а офісы зачынілі. З 2022 году Надзея Кандрусевіч працягвае сваю працу ў эміграцыі, і па-ранейшаму друкуе кнігі для беларускіх дзяцей, гаворыцца на сайце прэміі.
Дзьмітры Строцаў — адзначаны ўзнагародамі беларускі паэт, выдавец і актывіст. Пасьля таго, як яго выдавецтва «Вінаград» пазбавілася ліцэнзіі ў Беларусі, ён працягнуў падпольна выдаваць кнігі, насуперак дзяржаўнай цэнзуры. Арыштаваны ў кастрычніку 2020 году, Строцаў пасьля сутыкнуўся з пагрозамі і абмежаваньнямі ў сваёй працы. Ён быў вымушаны пакінуць краіну, пераехаў у Бэрлін і заснаваў там выдавецтва Hochroth Minsk як плятформу для беларускіх пісьменьнікаў, каб яны маглі свабодна публікаваць свае творы.
У мінулым годзе ў шорт-ліст прэміі ўвайшоў беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.
- Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе. Яе місіяй — спрыяць кнігавыданьню, абараняць яго і павышаць абазнанасьць пра выдавецкую дзейнасьць. Ва ўсім сьвеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаваньню аўтарскіх правоў, пісьменнасьці і свабоды друку. Гэта прафэсійная асацыяцыя праваабарончага кірунку. У Асацыяцыю ўваходзяць 60 арганізацый больш як з 50 краінаў. Цэнтральны офіс месьціцца ў Жэнэве.
Форум