Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Мэтамі вучэньняў назвалі ўдасканаленьне навыкаў службовых асобаў у кіраўніцтве сіламі тэрытарыяльнай абароны, навучаньне асабовага складу і ацэнку гатовасьці падразьдзелаў тэрытарыяльных войскаў.
Паводле ведамства, тэрытарыяльныя войскі будуць вучыцца абароне аб’ектаў, барацьбе з дывэрсійна-выведнымі групамі «ўмоўнага праціўніка», забесьпячэньню ваеннага становішча, абароне населенага пункту.
За вучэньнямі будзе назіраць начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Павал Муравейка.
9 красавіка дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, наведваючы такія манэўры, назваў тэрытарыяльную абарону «адным з найважнейшых кірункаў» павышэньня абараназдольнасьці Беларусі.
Паводле Вальфовіча, «любыя зборы накіраваныя перш за ўсё на асваеньне новых формаў і спосабаў вядзеньня баявых дзеяньняў; таму ў баявую падрыхтоўку Ўзброеных сілаў і іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў вайсковай арганізацыі дзяржавы ўкараняецца досьвед сучасных ваенных канфліктаў».
Трэці месяц запар улады Беларусі правяраюць баявую гатоўнасьць войска. Першая праверка боегатоўнасьці была аб’яўленая 3 лютага. Фактычна без аб’явы пра завяршэньне першай пачалася другая — 24 сакавіка.
Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сілаў, які склікаецца ў пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, выконвае дапаможныя функцыі, складаецца з асобаў, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.
На восень 2025 году ўлады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэньні на беларускай тэрыторыі.
- У кастрычніку летась міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў вучэньні «Захад-2025» «галоўнай падзеяй». Паводле яго, яны створаць умовы для «далейшага ўдасканаленьня дзейнай сыстэмы запэўненьня вайсковай бясьпекі Саюзнай дзяржавы».
- У студзені начальнік дэпартамэнту міжнароднай вайсковай супрацы — памочнік міністра абароны Валеры Равенка паведаміў, што да манэўраў плянуецца залучыць больш за 13 тысяч чалавек.
- 30 студзеня начальнік абʼяднанага штабу (АДКБ) заявіў, што, акрамя манэўраў «Захад-2025», у верасьні на беларускай тэрыторыі павінны прайсьці вучэньні «Ўзаемадзеяньне-2025» — з Калектыўнымі сіламі апэратыўнага рэагаваньня, «Пошук-2025» — зь сіламі і сродкамі выведкі й матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
- Менск рэгулярна праводзіць з Масквой сумесныя вайсковыя вучэньні, у тым ліку стратэгічныя.
- Расейскія войскі, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэньнях «Саюзная рашучасьць — 2022» (10–20 лютага), пасьля іх заканчэньня не былі зь яе выведзеныя і выкарыстоўваліся для ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Форум