Як адзначыў Дональд Туск, Стружык «у сваёй багатай кар’еры быў вайсковым дыпляматам, военачальнікам, намесьнікам кіраўніка выведкі NATO, а таксама навукоўцам», цытуе яго польскае выданьне wyborcza.pl.
Склад камісіі пакуль ня вызначаны. Мяркуецца, што ў яе ўвойдуць ад 9 да 13 чалавек з польскіх міністэрстваў нацыянальнай абароны, замежных спраў, лічбавых спраў, фінансаў, дзяржаўных актываў, а таксама культуры і нацыянальнай спадчыны, бо, як адзначыў Туск, камісія «павінна вывучыць магчымы ўплыў на СМІ».
Туск адзначыў, што будзе чакаць першай справаздачы камісіі пасьля чэрвеньскіх выбараў у Эўрапарлямэнт, каб «ня зьмешваць працу камісіі зь перадвыбарнай кампаніяй».
Пра падрыхтоўку законапраекту аб стварэньні канстытуцыйнай камісіі па расьсьледаваньні ўплыву Беларусі і Расеі Туск заявіў 10 траўня.
- Камісія па расьсьледаваньні расейскага ўплыву афіцыйна была створаная ў Польшчы з ініцыятывы былой кіроўнай партыі «Закон і справядлівасьць» у 2023 годзе. Пасьля таго як 29 лістапада 2023 году камісія прадставіла частковую справаздачу, у якой рэкамэндавала не давяраць дзяржаўныя пасады, сярод іншага, цяперашнім прэм’еру Польшчы Туску і кіраўніку МУС Томашу Семаняку — палітычным праціўнікам кіроўнай на той момант партыі, Сэйм Польшчы распусьціў камісію.
- Тэму расейскага і беларускага ўплыву пачалі зноў абмяркоўваць у Польшчы, калі ў Беларусь уцёк былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт.
Форум