Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны дом Цапкалаў прадалі на аўкцыёне з чацьвёртай спробы


На 9 красавіка быў прызначаны ўжо чацьвёрты па ліку аўкцыён па продажы дома ў Менску, які належыць сям’і Цапкалаў. У выніку дом прадалі за цану амаль удвая меншую, чым прапаноўвалі падчас першага аўкцыёну.

на гэты раз пачатковая цана выстаўленага лота была 841,6 тысячы рублёў. За тое, каб набыць дом, змагаліся тры ўдзельнікі аўкцыёну. У выніку аўкцыён адбыўся — дом Цапкалаў прадалі за 1 157 200 беларускіх рублёў (каля 337 тысяч эўра ці амаль 368 тысяч даляраў па курсе Нацбанку Беларусі).

Дом сям’і Цапкалаў знаходзіцца ў мікрараёне Сьляпянка ў Менску. Да гэтага яго яшчэ тройчы спрабавалі прадаць з аўкцыёну — 26 лютага, 15 студзеня 2025 году і 19 сьнежня 2024 году. Першы раз пачатковая цана лота была 2 104 000 рублёў, другі раз першапачатковую цану зьнізілі да 1 683 200 рублёў, трэці раз — да 1 262 400 рублёў. Усе тры разы таргі не адбыліся — не знайшлося ахвотнікаў купіць дом.

У лот уваходзілі двухпавярховы будынак № 7 плошчай амаль 420 «квадратаў» на вуліцы Цяплічнай у Менску (унутры ёсьць часткова мэбля і прадметы інтэрʼеру), а таксама зямельны ўчастак з будынкамі, ён займае 0,1411 га. У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.

У аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасьць пад арыштам, суд забараніў зьдзяйсьняць зь ёю рэгістрацыйныя дзеяньні. Таксама ўказана, што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Даўжніком лічыцца Цапкала Валер Вільямавіч, ён жа і ўладальнік маёмасьці.

Паводле беларускага заканадаўства, нельга забіраць жыльлё, у якім пражывае даўжнік або ягоная сям’я. Аднак беларускія ўлады канфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.

У красавіку 2024 году з другой спробы прадалі трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Першыя таргі таксама праваліліся — ахвотных не было. Пры другой спробе, пасьля зьмяншэньня цаны, яны зьявіліся.

Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе з пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.

Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы

Вераніка і Валер Цапкала падчас пікету па збору подпісаў за Валерыя Цапкалу ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, Бараўляны, 4 чэрвеня 2020 году
Вераніка і Валер Цапкала падчас пікету па збору подпісаў за Валерыя Цапкалу ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, Бараўляны, 4 чэрвеня 2020 году

Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.

6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG