Як стала вядома зь сюжэту прапагандысцкага каналу «Первый информационный», затрыманага завуць Антон Рос. У сюжэце мужчына сказаў, што ўжо быў у Менску некалькі гадоў таму і заявіў, што хацеў бы застацца ў Беларусі.
«Так атрымалася, што ў мяне цяжка з дакумэнтамі, я ў роспачы паспрабаваў апошняй спробай дабрацца да вас сюды. Я быў калісьці ў Беларусі, мне тады вельмі спадабалася», — расказаў прапагандыстам Антон Рос на расейскай мове.
Ён адзначыў, што «хадзіў у расейскую школу некалькі гадоў».
Таксама Антон Рос сказаў, што «ў войску ніякім не служыў» і ня мае дачыненьня да сытуацыі з гібельлю падчас вучэньняў у Літве чатырох амэрыканскіх вайскоўцаў на палігоне ў Падбродзьдзі.
У паведамленьні прапагандыстаў адзначаецца, што «мужчына мае пэўныя праблемы са здароўем», цяпер іх вырашаюць беларускія спэцыялісты.
Выданьне Reform.news знайшло аб’явы з просьбай дапамагчы ў пошуку Антона Роса, 27 гадоў, апублікаваныя ў розных расейскамоўных групах у Фэйсбуку 5 дзён таму. Як вынікае з абʼяваў, мужчына цярпіць ад страты памяці, яго шукае маці. Паведамляюць, што ён апошні раз выходзіў на сувязь з аэрапорту Цюрыху каля 6-й раніцы 21 сакавіка.
«Антон Рос, 27 гадоў, грамадзянін Амэрыкі і Чэхіі, які свабодна размаўляе па-ангельску (без акцэнту), цярпіць ад страты памяці. Ён ужо некалькі разоў за апошнія месяцы губляўся, не выходзіў на сувязь і зьяўляўся ў розных месцах. У сьнежні 2024 году страціў дакумэнты і асабістыя рэчы. Можа знаходзіцца ў дэзарыентаваным стане, ня памятаць, хто ён, і не зьвяртацца па дапамогу», — гаворыцца ў абʼяве.
Згодна з абʼявай аб пошуку, 21 сакавіка Антон Рос шмат разоў тэлефанаваў маці з чужых тэлефонаў і прасіў купіць квіток да Хургады, але маці адмовілася і тэрмінова выехала ў аэрапорт Цюрыху. Паводле інфармацыі паліцыі, Антон быў там да 6-й раніцы 22 сакавіка, але яго ўжо не было ў тэрмінале да моманту прыбыцьця маці ў аэрапорт у 7:40.
23 сакавіка жанчына падала афіцыйную заяву ў паліцыю Цюрыху аб вышуку, гаворыцца ў абʼяве. На момант яе публікацыі 29 сакавіка афіцыйныя мэдыя і паліцыя не апублікавалі адкрыта дакумэнт аб вышуку Антона Роса, але сямʼя і сябры працягваюць актыўна яго шукаць.
Апошняе вядомае адзеньне Антона Роса: сьветлая куртка, джынсы, цёмная кепка. Да абʼявы аб пошуку прымацаванае фота зьніклага хлопца — гэта той жа чалавек, што і на відэа беларускай прапаганды.
- 31 сакавіка Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне за нелегальнае перасячэньне беларускай мяжы 27-гадовага грамадзяніна ЗША. Паводле ведамства, амэрыканца затрымалі на чыгуначнай станцыі Маладэчна ў Менскай вобласьці: ён ехаў зь Літвы «ў адным з парожніх вагонаў [таварнага] чыгуначнага цягніка».
- На наступны дзень Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі расказаў падрабязнасьці: паводле ведамства, мужчына 24 сакавіка двойчы спрабаваў уехаць на тэрыторыю Беларусі: раніцай праз пункт пропуску Каменны Лог (Меднікі зь літоўскага боку мяжы), а ўвечары таго ж дня — праз памежны пераход Беняконі (Салечнікі). Падчас памежнага кантролю ён ня змог пацьвердзіць наяўнасьць сродкаў для пакрыцьця выдаткаў на яго знаходжаньне ў Беларусі і выезд з краіны, таму яму адмовілі ва ўезьдзе, паведамілі ў Памежным камітэце.
- Паведамляли, што пасьля прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці за незаконнае перасячэньне мяжы амэрыканца дэпартуюць на тэрыторыю Літвы, удакладнілі ў ведамстве.
- 1 красавіка ў літоўскай Службе аховы дзяржаўнай мяжы паведамілі, што 27-гадовы грамадзянін ЗША, якога затрымалі ў Беларусі, ніяк ня зьвязаны са здарэньнем на палігоне ў Падбродзьдзі, дзе падчас вучэньняў зьніклі чацьвёра амэрыканскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак ведамства, гэты чалавек апошнія некалькі тыдняў знаходзіўся ў Літве на законных падставах. Супрацоўнікі літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы сустрэліся і размаўлялі зь ім 26 сакавіка на мяжы з Расеяй, на чыгуначнай станцыі Кібартай, а 27 і 30 сакавіка — ужо на мяжы зь Беларусьсю, у раёне чыгуначнай станцыі Кена.
Форум