Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна перадала партнэрам інфармацыю аб месцы разьмяшчэньня «Арэшніка» ў Беларусі


Уладзімір Зяленскі і Караль Наўроцкі на сустрэчы ў Варшаве, 19 сьнежня 2025 году
Уладзімір Зяленскі і Караль Наўроцкі на сустрэчы ў Варшаве, 19 сьнежня 2025 году

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскі бок ведае месца разьмяшчэньня расейскага комплексу «Арэшнік» у Беларусі і перадала ўсе гэтыя зьвесткі сваім міжнародным партнэрам.

«Завяршаецца перамяшчэньне „Арэшніка“ на тэрыторыю Беларусі. Мы разумеем, дзе гэта будзе, дзе будзе разьмешчаны. Інфармацыю перадаём нашым партнэрам. Мяркую, партнэры самі могуць ацаніць гэтую пагрозу і зразумець, як ім на гэта рэагаваць», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў Варшаве на супольнай з польскім прэзыдэнтам Каралем Наўроцкім прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле яго, украінскі бок папярэджваў эўрапейскіх і амэрыканскіх партнэраў аб разьмяшчэньні Расеяй гэтага комплексу ў Беларусі.

«Мы паказвалі дыстанцыю, на якую будзе дзейнічаць „Арэшнік“. Гэта пагроза шмат якім эўрапейскім краінам, уключаючы Польшчу, Нямеччыны і іншыя краіны. Мы гэта ім паказвалі. „Арэшнік“ дронамі зьбіць немагчыма на сёньня. Яны выкарыстоўвалі „Арэшнік“ па тэрыторыі Ўкраіны, мы разумеем, як з гэтым змагацца», — дадаў ён.

Зяленскі дадаў, што ўкраінскі бок прасіў партнэраў увесьці санкцыі супраць кампаній, якія знаходзяцца, як на эўрапейскім, так і на іншых кантынэнтах, якія прадаюць праз трэція краіны кампанэнты для «Арэшніка». «Бяз гэтых кампанэнтаў Расея разьвіваць вытворчасьць „Арэшнікаў“ проста ня можа. Я ня бачу пакуль што гэтых санкцый. Мяркуем, што Расея будзе працягваць вырабляць „Арэшнік“. [...] Але пакуль што яна няздольная вырабляць яго ў вялікай колькасьці», — адзначыў прэзыдэнт Украіны.

«У мяне пытаньне дастаткова лягічнае. Калі партнэры нашы — і Злучаныя Штаты, і іншыя — праводзяць шмат дыпляматычных намаганьняў для завяршэньня вайны, ці могуць нашы партнэры таксама ціснуць на Расею, каб яна не разьмяшчала бліжэй да Эўропы, да межаў з Польшчай „Арэшнік“? Гэтым варта займацца, бо, мяркую, у іншым выпадку складана зразумець, а чаму Расея атакуе амэрыканскія сыстэмы СПА на тэрыторыі Ўкраіны. Чаму тады партнэры ня робяць высновы аб пагрозах на тэрыторыі Беларусі, якімі кіраваць будзе Расейская Фэдэрацыя. Безумоўна, Расейская Фэдэрацыя, як і ракеты ў першую ноч, як вы памятаеце поўнамаштабнае ўварваньне, якія забівалі нашых людзей, ляцелі на тэрыторыю нашай дзяржавы зь Беларусі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі не камэнтаваў пытаньне аб разьмяшчэньні «Арэшніка» ў Беларусі, але згадаў аб пагрозах зь беларускай тэрыторыі, а таксама аб дронах, што заляцелі ў Польшчу зь Беларусі сёлета ў верасьні.

«Вядома ж, Польшча знаходзіцца ў стане гібрыднай вайны з Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю, шматгадовай гібрыднай вайны. Падкрэсьліваю, гібрыднай вайны. Атака і ціск на ўсходнюю мяжу Польшчы, на польскую мяжу зь Беларусьсю», — сказаў польскі прэзыдэнт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG