Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абое рабое». Што гарадзенцы думаюць аб прызначэньні Караева на пасаду кіраўніка вобласьці


Юры Караеў, архіўнае фота
Юры Караеў, архіўнае фота

Да прызначэньня на новую пасаду Караеў быў асабістым памочнікам Лукашэнкі на Горадзеншчыне. У жніўні 2020 году ён узначальваў МУС.

31 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Горадзенскай вобласьці. Ім стаў Юры Караеў, які ў 2020 годзе быў міністрам унутраных справаў, а пазьней — памочнікам Лукашэнкі ў Горадзенскай вобласьці. Да новага прызначэньня Юры Караеў амаль месяц кіраваў рэгіёнам у статусе выканаўцы абавязкаў старшыні Горадзенскага аблвыканкаму.

Папярэднікам Караева быў колішні міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік. Цяпер ён пайшоў на павышэньне і стаў намесьнікам прэм’ер-міністра.

«Шараговая навіна»

Свабода запыталася жыхароў Горадзенскай вобласьці, як яны ставяцца да новага кіраўніка.

Наста* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) расказала, што даведалася аб прызначэньні з навінаў, але асабліва пра гэта ня думае.

«Памятаю, якую ролю ён адыграў у свой час. Да гэтага Каранік быў. І што? І гэты будзе. І што зьменіцца? Якую ён выразную палітыку можа праводзіць? Ніякую. Так што гэта шараговая навіна. Ёсьць і ёсьць. Што мяне трыгерыць, гэта тое, што іх называюць губэрнатарамі. Зь якіх гэта часоў мы сталі губэрнямі?», — разважае Наста.

Юры Караеў падчас чэмпіянату Беларусі ў тайскім боксе, сакавік 2016 году
Юры Караеў падчас чэмпіянату Беларусі ў тайскім боксе, сакавік 2016 году

Ганна цікавіцца грамадзка-палітычным жыцьцём у Беларусі, але даведалася пра зьмену кіраўніка аблвыканкаму ад журналіста Свабоды. Памятае, што Караеў прыйшоў на пасаду зь сілавой сфэры.

«А што ад іх чакаць, калі там чарговы халуй? Але адно прозьвішча Караеў уводзіць у нейкі ступар! Расеец зь непрыемным тварам (Юры Караеў нарадзіўся ў Паўночнай Асэтыі, этнічны асэтын. — РС). Пра ягоныя арганізатарскія здольнасьці я ня ведаю, бо ён адчувальнага нічога не зрабіў тут у нас», — дзеліцца Ганна.

Юры Караеў на пасадзе міністра ўнутраных справаў. Архіўнае фота
Юры Караеў на пасадзе міністра ўнутраных справаў. Архіўнае фота

Валянціна ня надта хоча разважаць пра новага старшыню.

«Абое рабое (Караеў і Каранік. — РС). Новы мне здаецца яшчэ горшым і страшнейшым. Папярэдні хоць тутэйшы (Каранік паходзіць з Горадні, ён стаў адным зь нешматлікіх ураджэнцаў рэгіёну, якія пры Лукашэнку яго ўзначальвалі. — РС). Вядома, я памятаю, што ён (Караеў. — РС) рабіў у 2020-м», — кажа суразмоўца.

Чым вядомы Юры Караеў

Юрыю Караеву 58 гадоў. Ён паходзіць з Паўночнай Асэтыі, што ў складзе Расеі. Вучыўся на вайскоўца ў Саратаве, Маскве, Менску. Удзельнічаў у баявых дзеяньнях у Нагорным Карабаху. Служыў у Магілёве, Менску, Гомлі, Бабруйску, пэўны пэрыяд — пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Паўлічэнкі, якога зьвязваюць з «эскадронамі сьмерці» і падазраюць у выкраданьні апанэнтаў Лукашэнкі. У 2008 годзе кіраваў менскім спэцназам. У 2012-м узначаліў унутраныя войскі. Быў старшынём Беларускай фэдэрацыі кікбоксінгу і тайскага боксу.

У 2019 годзе Лукашэнка прызначыў Караева міністрам унутраных справаў Беларусі.

Перад выбарамі 2020 году Караеў вінаваціў Радыё Свабода ў тым, што яно нібыта дапамагае арганізоўваць вулічную рэвалюцыю праз стрымы. У той жа дзень затрымалі журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Пазьней яго асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня.

Караеў кіраваў задушэньнем пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. На чацьвёрты дзень разгону пратэстоўцаў ён пацьвердзіў, што супрацоўнікі МУС траўмавалі людзей, і перапрасіў за гэта.

«Я бяру адказнасьць і прыношу прабачэньні за траўмы выпадковых людзей на пратэстах, якія трапілі пад раздачу», — казаўтагачасны міністар унутраных справаў у эфіры АНТ.

Пратэстоўцаў жорстка затрымлівалі і білі супрацоўнікі МУС. Кідалі ў людзей сьвятлашумавыя гранаты і траўмавалі іх. Падчас разгону пратэстаў сілавікі застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава. Ніводнага зь сілавікоў у выніку не пакаралі за гвалт над пратэстоўцамі. Наадварот — Караеў заяўляў, што супрацоўнікаў МУС цкуюць, і прапаноўваў памяняць заканадаўства, каб сілавікі маглі даваць паказаньні ў адміністрацыйных справах дыстанцыйна, а таксама — дазволіць мяняць зьвесткі пра такіх сьведкаў, іхны голас і выгляд.

У кастрычніку 2020 году Лукашэнка зьняў Караева з пасады міністра. Пазьней «Кібэрпартызаны» апублікавалі аўдыё, на якім было чуваць, як колішні міністар рыхтаваў сілавікоў да жорсткага задушэньня пратэстаў, а таксама абражаў беларусаў.

У 2021 годзе ён рабіў антыпольскія заявы, пасьля чаго затрымалі некалькі сяброў незарэгістраванага ў краіне Саюзу палякаў Беларусі, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута.

Шэраг заходніх краінаў увялі санкцыі супраць Караева.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG