Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зацьвердзіў навуковыя прыярытэты да 2030 года, сярод іх ШІ і біятэхналёгіі

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці на 2026–2030 гады зацьверджаныя ўказам № 135, які 1 красавіка падпісаў Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Прыярытэтнымі кірункамі Лукашэнка вызначыў «найбольш пэрспэктыўныя і запатрабаваныя для дзяржавы» сфэры дзейнасьці, «якія дазваляюць у сярэднетэрміновай пэрспэктыве забясьпечыць актуальныя вынікі ў навукаёмістых і высокатэхналягічных сэктарах эканомікі, канкурэнтныя перавагі і тэхналягічную бясьпеку краіны».

Гаворка ідзе пра лічбавыя тэхналёгіі і штучны інтэлект; інавацыйныя тэхналёгіі ў прамысловасьці; біялягічныя і мэдыцынскія тэхналёгіі; інавацыйныя тэхналёгіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасьці; навуковыя і навукова-тэхнічныя гарантыі бясьпекі чалавека, грамадзтва і дзяржавы.

У адпаведнасьці зь цяперашнімі прыярытэтамі, вызначанымі дакумэнтам, плянуецца сфармаваць і зацьвердзіць дзяржаўныя праграмы навуковых дасьледаваньняў, навукова-тэхнічныя праграмы, а таксама дзяржпраграму інавацыйнага разьвіцьця Беларусі да 2030 году, адзначае «Позірк» з спасылкай на дакумэнт.

«Пры гэтым узмоцнена роля кіраўнікоў дзяржаўных заказчыкаў праграм. На іх ускладзена пэрсанальная адказнасьць за эфэктыўнае выкарыстаньне сродкаў, своечасовае выкананьне заданьняў і дасягненьне заплянаваных вынікаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

На цырымоніі ўручэньня дыплёмаў доктара навук і атэстатаў прафэсара 31 студзеня Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе падтрымкі безвыніковай навуковай дзейнасьці.

3 сьнежня 2024 году на сустрэчы з працоўнай групай па аналізе дзейнасьці Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Лукашэнка заявіў, што НАН «ня стала драйвэрам апераджальнага навукова-тэхнічнага разьвіцьця краіны на цяперашнім этапе».

У лютаўскім спавешчаньні, падрыхтаваным групай навукоўцаў, якія вымушана зьехалі зь Беларусі з палітычных прычынаў, гаворыцца, што інстытуцыянальны крызіс, у якім цяпер апынулася Нацыянальная акадэмія навук, «можа быць пераадолены дзякуючы комплекснаму рэфармаваньню, магчымаму толькі ва ўмовах дэмакратызацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG