Нямецкая брыгада, разгорнутая на ўсходнім флянгу NATO ў Літве, афіцыйна заступіла на службу у аўторак 1 красавіка, піша агенцтва dpa.
45-я танкавая брыгада нямецкай арміі пачала дзейнічаць пасьля цырымоніі ў Вільні.
«У нас ясная місія», — сказаў яе камандзір, брыгадны генэрал Крыстаф Губэр:
«Мы павінны забясьпечыць абарону, свабоду і бясьпеку нашых літоўскіх саюзьнікаў тут, на ўсходнім флянгу NATO».
У адказ на новую пагрозу з боку Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ўрад Нямеччыны паабяцаў стала разьмясціць брыгаду колькасьцю да 5000 салдатаў у Літве, якая ўваходзіць як у Эўразьвяз, так і ў NATO. Першыя вайскоўцы былі разгорнутыя ў 2024 годзе, чакаецца, што падразьдзел выйдзе на поўную баяздольнасьць у 2027 годзе.
Брыгада будзе базавацца ў казармах, якія плянуюць пабудаваць на вайсковым палігоне ў Рудніках (Rūdninkai), недалёка ад літоўскай мяжы зь Беларусьсю.
Пад кіраўніцтвам Губэра цяпер у Літве служаць каля 150 нямецкіх вайскоўцаў.
Чакаецца, што да канца году іх пабольшае да 500.
Літва мяжуе з расейскім эксклявам Калінінградзкай вобласьцю і блізкім саюзьнікам Расеі Беларусьсю.
Расейская вайна ва Ўкраіне разглядаецца як пагроза нацыянальнай бясьпецы краін Балтыі.
Летась 19 жніўня Літва пачала будаўніцтва вайсковай базы ў Рудніках, непадалёк ад Вільні, за 20 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.
На вайсковай базе будуць стрэльбішчы і абсталяваная тэрыторыя для захоўваньня і тэхнічнага абслугоўваньня танкаў і іншай тэхнікі.
Яшчэ каля тысячы нямецкіх вайскоўцаў і цывільных падрадНІкаў накіруюць на іншыя аб’екты ў Літве.
У 2023 годзе Нямеччына ўзяла на сябе абавязаньне разьмясьціць войскі ў краіне-ўдзельніцы NATO і Эўразьвязу, якая мяжуе з Расеяй. Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс параўнаў гэтае рашэньне з разьмяшчэньнем саюзных сілаў у Заходняй Нямеччыне падчас халоднай вайны для абароны Заходняй Эўропы ў разе савецкага нападу.
Цягам наступных трох гадоў Літва выдаткуе на разьвіцьцё гэтай вайсковай базы больш за 1 мільярд эўра ў рамках аднаго з найбуйнейшых будаўнічых праектаў у гісторыі краіны, паведаміў камандуючы Ўзброенымі сіламі Літвы Раймундас Вайкшнарас, адзначыўшы, што гэта «вялікая інвэстыцыя» для 2,9-мільённай краіны з эканомікай, якая складае дзясятую частку нямецкае.