Літва плянуе прадаць на аўкцыёне малакавозы і пажарныя аўтамабілі, увезеныя зь Беларусі ў абыход санкцыяў. На таргі выставяць 17 пажарных машын і 17 малакавозаў, заявіла генпракурор Літвы Ніда Грунскене, яе цытуе выданьне 15min.lt.
«У цяперашні час прынята рашэньне пракурора аб рэалізацыі 17 малакавозаў і 17 пажарных аўтамабіляў, рашэньні набылі законную сілу», — сказала Ніда Грунскене ў Сэйме 31 сакавіка.
У сакавіку 2023 году ў Клайпэдскім марскім порце затрымалі 17 пажарных машын, якія ехалі зь Беларусі ў Зымбабвэ. Як паведаміла тады генпракурор Літвы, аўтамабілі канфіскавалі, паколькі кампанія, якая іх вырабляла, знаходзіцца пад санкцыямі.
У верасьні 2024 году паведамлялі, што Літва разглядае магчымасьць перадачы Украіне 17 пажарных машын, набытых Зымбабвэ ў Беларусі, якія затрымалі ў Клайпэдзе летась з прычыны санкцыяў.
- Летась у чэрвені МНС Беларусі праводзіла перамовы аб пастаўках беларускай тэхнікі, баявога адзеньня, амуніцыі пажарных-выратавальнікаў у Зімбабвэ. Сярод іншага Беларусь зьбіралася паставіць Зімбабвэ 131 пажарную аўтацыстэрну вытворчасьці завода «Пажснаб». Пазьней зімбабвійскія СМІ пісалі пра атрыманьне партыі пажарных машын зь Беларусі.
- У 2022 годзе ў Зімбабвэ пастаўкі беларускіх пажарных машын суправаджаліся ўнутраным скандалам. Выданьне New Zimbabwe пісала, што ўрад Зымбабвэ закупіў у Беларусі пажарныя машыны, пра якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Зьдзелку, якую плянавалася рэалізаваць за кошт мясцовых бюджэтаў (70 машын за 32 млн даляраў ЗША), «рэзка асудзілі» як праўладныя, так і апазыцыйныя дэпутаты парлямэнту.
Форум