Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі прызначылі новы ўрад. У ім ёсьць прадстаўнікі друзаў, алавітаў і курдаў


Ахмэд аш-Шараа
Ахмэд аш-Шараа

Адно зь міністэрстваў узначаліла жанчына-хрысьціянка.

Часовы прэзыдэнт Сырыі Ахмэд аш-Шараа прызначыў новы кабінэт міністраў. Цырымонія прайшла ў прэзыдэнцкім палацы ў Дамаску.

У новы ўрад увайшлі 23 чалавекі. Сярод іх ёсьць прадстаўнікі алавітаў, друзаў і курдаў. Міністэрства сацыяльных справаў і працы ўзначаліла хрысьціянка Гінд Кабаўат. Яна стала адзінай жанчынай у кабінэце міністраў. Раней Кабаўат займалася пытаньнямі міжканфэсійнай талерантнасьці, пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын, уваходзіла ў апазыцыйны Асаду рух, піша Reuters.

З часовага кабінэту свае пасады захавалі кіраўнікі міністэрстваў абароны і замежных справаў.

У Сырыі ўпершыню стварылі Міністэрства спорту і Міністэрства надзвычайных сытуацый, апошняе ўзначаліў кіраўнік грамадзянскай арганізацыі «Белыя каскі» Раід аль-Салех.

Функцыі прэм’ер-міністра возьме на сябе сам аш-Шараа, хаця фармальна такой пасады ў краіне няма. Новы ўрад Сырыі мае быць ва ўладзе пяць гадоў. Чакаецца, што за гэты час у краіне прымуць новую канстытуцыю і правядуць усеагульныя выбары.

8 сьнежня 2024 году ў Сырыі паў рэжым Асадаў. Да ўлады прыйшла пратурэцкая ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнаю у ЗША, Эўразьвязе і іншых краінах. Яе лідэр Ахмэд аш-Шараа стаў фактычным кіраўніком дзяржавы.

Былы прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк у Расею, дзе разам зь сям’ёй атрымаў прытулак. Цяперашняе кіраўніцтва Сырыі ўжо слала ў Маскву запыт на выдачу былога дыктатара, але безвынікова.

У сярэдзіне сакавіка 2025 году аш-Шараа падпісаў часовую канстытуцыйную дэклярацыю. Яна будзе дзейнічаць цягам пераходнага пэрыяду. У дакумэнце гаворыцца, што асновай сырыйскага заканадаўства мусіць стаць ісламскае права. Разам з тым у дакумэнце зафіксаваныя гарантыі захаваньня правоў жанчын, свабоды слова і прэсы.

Пасьля прыходу да ўлады аш-Шараа лідэры заходніх краін сталі казаць аб магчымым зьняцьці санкцыяў з Сырыі — пры ўмове захаваньня правоў чалавека разам з рэлігійнымі і этычнымі свабодамі.

У пачатку сакавіка 2025 году ў Сырыі адбылося паўстаньне алавітаў — прадстаўнікоў арабскай меншасьці, да якой належыць клан Асадаў. Паводле зьвестак Сырыйскага цэнтру маніторынгу выкананьня правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, загінулі каля тысячы мірных жыхароў.

Дзейныя ўлады Сырыі заявілі, што ў час паўстаньня зьліквідавалі рэшткі рэжыму Асада ў правінцыях Латакія і Тартус. Краіны Захаду запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у масавых забойствах алавітаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG