Пра гэта — у матэрыяле Карла Шрэка.
«Я жыву ў маленькай вёсцы. У нас няма спадарожніка або надзейнага інтэрнэту. Ваша радыё дае мне надзею», — напісаў слухач з Ірану ў паведамленьні ў Telegram для Радыё Фарда, пэрсыдзкамоўнай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Іншы слухач з Ірану напісаў у сацыяльных сетках, што Радыё Фарда — «мая галоўная крыніца інфармацыі з аб’ектыўнай і прафэсійнай падачай матэрыялаў».
«Страціць яго будзе вельмі цяжка, спадзяюся, што гэты дзень ніколі не наступіць», — напісаў слухач.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 14 сакавіка падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне дзейнасьці сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), якое апякуецца Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і іншымі трансьлятарамі, якія фінансуюць падаткаплатнікі, — такімі як «Голас Амэрыкі».
Кэры Лэйк, старшая дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара агенцтва, накіравала ліст, у якім паведамлялася, што зацьверджаны Кангрэсам грант на фінансаваньне Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода спынены.
RFE/RL працягвае працу і 18 сакавіка падала ў фэдэральны суд пазоў, каб заблякаваць спробу USAGM спыніць фэдэральны грант трансьлятару.
У адрозьненьне ад «Голасу Амэрыкі», які ёсьць фэдэральным агенцтвам, RFE/RL — прыватная некамэрцыйная карпарацыя з штаб-кватэрай у штаце Дэлавэр і рэдакцыяй у Празе.
«Прарвацца празь цемру хлусьні»
З Украіны, дзе Радыё Свабода асьвятляе поўнамаштабнае ўварваньне Расеі, чытач Алег Прозараў падзякаваў Украінскай службе Радыё Свабода за «абарону палітычных свабодаў».
«Часам вы былі як прамень сьвятла, які прабіўся скрозь цемру хлусьні», — напісаў ён у Facebook.
У паведамленьні Ўкраінскай службе Радыё Свабода чытачка Леся Бандарук выказала страх страціць «апірышча сапраўднай свабоды слова і думкі».
«Атака на Радыё Свабода — гэта атака на свабоду слова чалавецтва. Гэтага нельга дапусьціць», — напісала яна.
Чытачы і гледачы расейскамоўных службаў Радыё Свабода выказалі ўдзячнасьць за асьвятленьне падзеяў у Расеі падчас няўхільнага скарачэньня свабоды слова цягам 25 гадоў знаходжаньня Пуціна ва ўладзе, што ўзмацнілася пасьля ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну.
«Я ў Расеі, ахопленай замбавальнай, зладзейскай прапагандай Крамля. „Настоящее время“ — адзіны расейскамоўны тэлеканал, якому можна давяраць, з абʼектыўнай інфармацыяй і вялікай колькасьцю дакумэнтальных праграмаў», — напісаў адзін з гледачоў цэладзённага расейскамоўнага тэлеканалу Радыё Свабода.
«Я бясконца ўдзячны вашым журналістам, якія рызыкуюць, працуючы ў прыфрантавой зоне, захоплены прафэсіяналізмам вашых вядоўцаў і высокім узроўнем журналістыкі», — сказаў іншы глядач тэлеканалу.
«Прамень надзеі» у Афганістане
Сотні паведамленьняў і званкоў паступілі ад слухачоў Радыё Свабода ў Афганістане і Пакістане, якія выказваюць глыбокую занепакоенасьць лёсам службаў Радыё, вядомых як Радыё Азадзі, якая працуе на мовах дары і пушту для Афганістану, і Радыё Машааль на пушту для Пакістану.
«Радыё Азадзі вельмі важнае для нас. Яно трымае мяне ў курсе навін сьвету. Я слухаю яго днём і ноччу, як па радыё, так і ў тэлефоне», — напісаў слухач Радыё Азадзі Хаджы Худайбэрдзі ў паведамленьні ў WhatsApp.
«Радыё Азадзі — гэта прамень надзеі для краінаў, пра якія часта забываюцца. Яго праграмы злучаюць людзей з маленькіх вёсак са сьветам. Жывучы ў аддаленай вёсцы з адным радыё, я лічу, што яго голас сапраўды суцяшае. Я спадзяюся, што вашыя праграмы заўсёды застануцца моцнымі і яскравымі», — напісала слухачка Сафа Мэхр.
Іншы слухач, Набіўла Забулі з паўднёвай правінцыі Забул у Афганістане, заклікаў Трампа і «ўсіх, хто можа паўплываць на гэтае рашэньне, перагледзець скарачэньне фінансаваньня Radio Azadi».
«Калі ласка, ня здраджвайце мільёнам адданых слухачоў. Падтрымлівайце гэты маяк інфармацыі», — напісаў ён.
Хіла Дархаст Ахмадзай, слухачка Радыё Азадзі і Радыё Машааль, адзначыла ў паведамленьні на пушту ў Facebook, што абодва каналы ёсьць «крыніцамі прасьвятленьня нашых розумаў і мысьленьня».
«Мы, пуштунскія жанчыны, шмат чаму навучыліся ад гэтых дзьвюх радыёстанцый, — напісала яна. — І мы даведаліся пра свае правы, адукацыю і пра сьвет з гэтых дзьвюх плятформаў».
Іншы слухач Радыё Машааль, Эбадула Хан з раёну Шангла на паўночным захадзе Пакістану, заявіў у Facebook, што журналісты мэдыя «мужна выконвалі сваю працу».
«Гэтая гісторыя павінна працягвацца»
У Беларусі, дзе ўрад аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі практычна зьнішчыў незалежныя СМІ, Беларуская служба Радыё Свабода — адно зь нямногіх мэдыя, якія працягваюць крытычна паведамляць пра сытуацыю ў краіне.
Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну чытач Зьміцер Семянюк расказаў, як адразу кінуўся высьвятляць, што адбываецца, на YouTube-канале Радыё Свабода.
«Былі мільёны праглядаў, якія дапамаглі мне зразумець, што адбываецца насамрэч. Дагэтуль карыстаюся каналамі Радыё Свабода», — напісаў ён у Instagram. — Вы даяце навіны без прапаганды і нянавісьці. Я магу даведацца пра самыя важныя падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце. І, вядома, тут я магу чытаць навіны на сваёй роднай мове».
Іншая чытачка, Тацяна, сказала, што Радыё Свабода — «адзінае месца ў сьвеце, дзе я магла па-сапраўднаму адчуць сябе грамадзянкай вольнай, эўрапейскай Беларусі».
«У 2020 годзе мільёны беларусаў, якія ўдзельнічалі ў мірнай рэвалюцыі супраць жорсткага аўтарытарызму Лукашэнкі, прынялі каштоўнасьці Радыё Свабода, а яно ў рэжыме рэальнага часу трансьлявала гэтыя гістарычныя падзеі, — напісала яна. — Яго місія застаецца незавершанай сёньня — гэтая гісторыя павінна працягвацца».
Форум