Тэкст адмысловай заявы да 25 Сакавіка абнародаваў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка.
«Сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг на вуліцах Беларусі адпраўляюць у турму, а беларуская мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня. Дзясяткі гадоў „апошні дыктатар Эўропы“ Лукашэнка сьцірае беларускую культуру і мову і ператварае Беларусь у дэ-факта акупаваную Расеяй тэрыторыю, тысячы беларусаў гадамі знаходзяцца ў незаконным зьняволеньні, а мільёны людзей вымушаныя шукаць палітычнага прытулку ў іншых краінах», — адзначаецца ў заяве дэпутацкай групы.
Дэпутаты заклікалі ўладу Ўкраіны «разарваць дыпляматычныя дачыненьні з рэжымам Лукашэнкі, прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй, а памяшканьне беларускай амбасады ў Кіеве перадаць дэмакратычным сілам Беларусі».
Украінскія дэпутаты заклікалі міжнародную супольнасьць і ўрады краін-партнэрак ня толькі заяўляць аб падтрымцы беларускіх дэмакратычных сілаў, а і ўзмацніць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі і ягонае атачэньне да яго поўнай дыпляматычнай і эканамічнай ізаляцыі.
У Львове каля абласной рады з нагоды Дня волі побач з украінскім сьцягам сёньня паднялі бел-чырвона-белы сьцяг.
«Цяперашняя афіцыйная ўлада Беларусі не адзначае гэтую дату, бо ў той час беларусы ў сваёй абвешчанай дзяржаве змагаліся супраць бальшавіцкай Расеі. [...] Сьцяг вольнай Беларусі каля Львоўскай абласной рады зьяўляецца сымбалем удзячнасьці і падтрымкі беларусаў, якія разам з украінцамі ў шэрагах Узброеных сіл Украіны змагаюцца супраць расейскай ваеннай агрэсіі, а таксама тых, якія ўнутры сваёй краіны працягваюць барацьбу супраць аўтарытарнага прарасейскага рэжыму», – заявіў выконваючы абавязкі старшыні Львоўскай абласной рады Юры Холад.
Форум