Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пішчалаўскім замку вырашылі разьмясьціць аб’екты грамадзкага харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні


ПІшчалаўскі замак, архіўнае фота.
ПІшчалаўскі замак, архіўнае фота.

Будучыню Менскага турэмнага Пішчалаўскага замку, у якім да апошняга часу знаходзілася СІЗА № 1, абмеркавалі на апэратыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме 24 сакавіка, паведамляе «Минск-новости».

Пра прыстасаваньне Пішчалаўскага замка пад цывільны аб’ект падчас нарады ў Менгарвыканкаме распавёў дырэктар КУП «Менская спадчына» Аляксандр Кохан:

«На тэрыторыі комплексу плянуецца захаваньне пяці будынкаў, — сказаў Кохан. — На ніжніх паверхах плянуем разьмясьціць аб’екты грамадзкага харчаваньня, апэратарамі якіх выступяць дзяржаўныя прадпрыемствы. На паверхах вышэй мяркуецца разьмясьціць адміністрацыйныя памяшканьні. Акрамя таго, праект тэрыторыі комплексу прадугледжвае пляцоўку для культурна-масавых мерапрыемстваў».

Паводле Аляксандра Кохана, архітэктурна-пляніровачная канцэпцыя замку ўжо ўзгодненая.

Сёлета менскаму Пішчалаўскаму замку спаўняецца 200 гадоў. Ён ад самага пачатку будаваўся як турма і заўсёды эксплёатаваўся як турма. За апошняе стагодзьдзе ў замку не было ніводнага рамонту. У 2008 годзе абвалілася адна з чатырох вежаў замку.

Гісторыя замку

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову памешчыка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрога з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала выйграў публічны тэндэр на гэты будынак, а сама турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (паводле новага стылю — 11 лютага) 1825 году.

Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага

У вязьніцы ўтрымлівалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціца Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі. Цюндзявіцкі быў пахаваны на месцы пакараньня, і яго магіла хутка стала месцам паломніцтва і малітваў менчукоў, якія спачувалі паўстаньню. Таму яго неўзабаве перапахавалі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў негалосную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут было СІЗА № 1.

З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG