Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўтас Ландсбергіс праз 40 гадоў пасьля прыходу да ўлады Гарбачова адказаў, чаму распаўся СССР і што будзе з Расеяй


Вітаўтас Ландсбергіс ( у цэнтры), архіўнае фота
Вітаўтас Ландсбергіс ( у цэнтры), архіўнае фота

У канцы 1980-х музыказнаўца Вітаўтас Ландсбергіс стаў лідэрам літоўскага руху за незалежнасьць «Саюдзіс», а пазьней яго абралі кіраўніком парлямэнту Літвы.

Пад лідэрствам Вітаўтаса Ландсбергіса Літва абвясьціла незалежнасьць — першай з рэспублік Савецкага Саюзу.

Праз 40 год пасьля сьмерці Канстанціна Чарненкі і прыходу да ўлады ў СССР Міхаіла Гарбачова ў інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода Вітаўтас Ландсбергіс адказаў, чаму Савецкі Саюз распаўся.

— Я думаю, Савецкі Саюз як дзяржава быў пабудаваны на ілжывых падставах. Дзяржава — гэта структура грамадзтва, каб кіравацца лепш, больш справядліва. Дзяржава для гэтага патрэбная, але яна павінна сябе апраўдаць, яна павінна даказаць, што яна сапраўды патрэбная, што пры ёй лепей. А пры савецкай дзяржаве было толькі горш. Кожны год горш і горш.

Бо на чале дзяржавы сядзяць ідыёты, якім нічога больш ня трэба, як толькі сядзець на троне, так доўга, як толькі можна, увесь час абвяшчаючы — мы прыйшлі навекі, забудзьцеся пра іншыя магчымасьці. Савецкі Саюз назаўжды, і камунізм назаўжды. Ну, ня ўсё ж вечна, ідыёты. Савецкі Саюз вырадзіўся знутры, бо ня стала ніякіх абяцанак для паляпшэньня і гэтай дзяржавы, і гэтага жыцьця. А начальства было настроенае толькі на сваё вечнае знаходжаньне ва ўладзе і паляпшэньне сыстэмы, якая гарантуе, што іх ніколі ніхто ня зьменіць.

Акцыі ў падтрымку незалежнаьці Літвы ў Вільні. Архіўнае форта
Акцыі ў падтрымку незалежнаьці Літвы ў Вільні. Архіўнае форта

— І вы ня думаеце, што гэта Гарбачоў зь ягонымі калегамі няправільна нешта зрабіў, у адрозьненьне, напрыклад, ад Кітаю, які прайшоў шлях рэформаў і працягвае быць камуністычнай дзяржавай?

— Ну, добра, што такое камуністычная дзяржава? Хто ад гэтага шчасьлівы? Ці шчасьлівыя гэтыя кітайскія камуністы ад таго, што ў іх камуністычная дзяржава? Я сумняюся. Але нават калі яны шчасьлівыя, а ўвесь народ перароблены на ідыётаў, то дзе гэтае шчасьце? Быць народам ідыётаў, якія ўслаўляюць сваіх правадыроў, якія ў выніку скрышаць усіх ворагаў і прынясуць шчасьце камунізму ці пуцінізму ці яшчэ якое-небудзь шчасьце, — а пакуль трэба трываць. Бацькі трывалі, мы, дзеці будуць трываць. Трэба трываць, і некалі будзе вельмі добра...

— Гэта значыць, вы лічыце, што рана ці позна падобнае прыходзіць да канца, і проста для Савецкага Саюзу гэты час прыйшоў у васьмідзясятыя гады?

— Ён і зараз яшчэ не прыйшоў. Ён прыходзіць вельмі марудна. Ці прачнуцца людзі, людзкі пачатак, здольнасьць мысьленьня, уласная адказнасьць, ці будуць гэтыя пачаткі разьвівацца? Цяпер іх душаць, каб ніхто не прапаноўваў ні іншых Пуціных, ні іншых партыяў, акрамя «Адзінай Расеі».

— Гэта значыць, вы думаеце, што ў Расеі Савецкі Саюз ня скончыўся?

— Ня скончыўся. Скончыцца ня толькі Савецкі Саюз, Расея скончыцца сваім выраджэньнем. З такім выраджэньнем, з народам, які выраджаецца, яна абрынецца. Можа абрынуцца трагічна, страшна, стварыць сусьветную вайну, каб апраўдаць свае няўдачы і глупства. Дурасьць можна закрыць уласнай жорсткасьцю. Гэтае рашэньне Пуціна — глупства пакрываць жорсткасьцю.

— Гэта значыць, Савецкі Саюз распаўся, Літва і іншыя краіны здабылі незалежнасьць, але ў Расеі гэты працэс ня скончыўся, працягваецца?

— Дзяржава і грамадзтва — гэта ня нейкія абстрактныя структуры, гэта людзі. Калі людзі жывуць у дурдоме, і шчасьлівыя ад гэтага, і ўслаўляюць свой дурдом, то вельмі мала надзеі, што там зьявіцца нейкая думка: а мо ёсьць нешта лепш, чым дурдом? Не, дурдом найлепшы ў сьвеце ў нас.

Пачалася вайна, забаранілі казаць, што гэта вайна. Калі ты забараніў, значыцца, гэта ўжо не вайна. Значыць, палонныя — гэта не ваеннапалонныя. Усе забітыя, усе ахвяры вайны і ўсе злачынствы — гэта не ваенныя злачынствы, бо вайны ж няма. Ніхто не абвясьціў вайну, мы толькі тут нейкія вучэньні праводзім. Ну, ці не дурдом?


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG