Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве прайшоў марш у гонар Дня Волі

абноўлена

23 сакавіка ў польскай сталіцы прайшоў марш у гонар Дня Волі.

Напачатку маршу сабраліся некалькі дзясятак чалавек зь бела-чырвона-белымі сьцягамі. Удзельнікі прынесьлі плякаты ў падтрымку палітвязьня Міколы Статкевіча.

«Самым галоўным сьвятам Беларусі» назваў Дзень Волі ксёндз Вячаслаў Барок, выступаючы 23 сакавіка перад удзельнікамі ўрачыстага мітынгу ў Варшаве.

«Яно сапраўды галоўнае для тых, хто разумее каштоўнасьць свабоды. Хто цэніць свабоду і хто любіць свабоду», — адзначыў сьвятар Барок. Паводле яго слоў, у Дзень Волі трэба ўзгадваць «шлях, які прайшоў беларускі народ».

«Мы свабодныя, — дадаў Барок. — А калі свабодныя, то і адказныя. За лёс нашай нацыі і нашай краіны. Мы бяром на сябе адказнасьць за нашу Беларусь. Бяром нават цяпер, калі краіна акупаваная».

Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі таксама сьвяткуюць у нядзелю ў Вільні, там адбываецца сьвяточны сплаў на байдарках.

У Беластоку ў царкве Сьвятога апостала Яна Багаслова прайшла малітва за беларускі народ, пасьля — мітынг і канцэрт. Марш з нагоды Дня Волі праходзіць у Познані.

У розных штатах ЗША беларуская дыяспара ладзіць імпрэзы з нагоды Дня Волі. У Чыкага адбудзецца сьвяткаваньне Дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, у Ралі — марш да Дня Волі ды іншыя імпрэзы.

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі сьвяткуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

  • У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі багатыя затрыманьнямі і наступнымі судамі, як мінімум па адміністрацыйных абвінавачаньнях. Гістарычныя падзеі, зьвязаныя з БНР, пасьлядоўна дэманізуе дзяржаўная прапаганда. Нацыянальныя сымбалі абвешчаныя «калябарацыянісцкімі», «нацысцкімі» і фактычна па-за законам. Значэньне БНР для беларускай дзяржаўнасьці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазыцянуецца як «марыянэткавае» ўтварэньне, створанае пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусьветнай вайны.
  • Акцыі за мяжою да Дня Волі плянуецца адбывацца з 20 па 30 сакавіка. Прыняць у іх удзел беларусаў заклікала Сьвятлана Ціханоўская 21 сакавіка.
  • На 25 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў сваю сёмую інаўгурацыю.
  • 21 сакавіка Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што працягвае ідэнтыфікаваць і прыцягваць да адказнасьці «удзельнікаў вулічных акцый за мяжой».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG