Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі за антываенную пазыцыю на 16 гадоў зьняволеньня засудзілі дысыдэнта савецкіх часоў


Аляксандар Скобаў, архіўнае фота
Аляксандар Скобаў, архіўнае фота

Аляксандра Скобава фармальна пакаралі нібыта за «апраўданьне тэрарызму» і «ўдзел у тэрарыстычнай супольнасьці».

Першы Заходні акруговы вайсковы суд у Пецярбургу прызначыў 16 гадоў пазбаўленьня волі публіцысту і праваабаронцу, дысыдэнту часоў СССР Аляксандру Скобаву.

Яго абвінавацілі ў «апраўданьні тэрарызму» і «ўдзеле ў тэрарыстычнай супольнасьці». Пра гэта паведамляе з суда пецярбурскае выданьне «Бумага». Абвінавачаньне прасіла для яго 18 гадоў пазбаўленьня волі.

Праект Радыё Свабода «Север.Реалии» працытаваў ягоны выступ у судзе з апошнім словам:

«Сёньня мяне будуць пытаць, ці прызнаю я сябе вінаватым. Дык вось, тут абвінавачваю я! Абвінавачваю сьмярдзючую трупань і кіроўную пуцінскую зграю ў падрыхтоўцы, разьвязваньні і вядзеньні агрэсіўнай вайны, у ваенных злачынствах ва Ўкраіне, у палітычным тэроры ў Расеі, у разбэшчваньні майго народу. І гэта я пытаю тут прыслужнікаў рэжыму: ці вы прызнаяце сябе вінаватымі ў саўдзеле ў пуцінскіх злачынствах?», — сказаў, сярод іншага, Скобаў.

Аляксандра Скобава затрымалі ў пачатку красавіка 2024 году. Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулаў аб «апраўданьні тэрарызму» і «ўдзеле ў дзейнасьці тэрарыстычнай супольнасьці». Такім сьледзтва лічыць «Форум свабоднай Расеі». Сам Скобаў, які актыўна выступае ў падтрымку Ўкраіны, заявіў, што наўмысна справакаваў свой арышт, каб прыцягнуць увагу да таго, што Ўкраіне аказваецца недастатковая вайсковая дапамога.

Скобава прызналі палітычным зьняволеным, якога судзяць за выказваньні ўласнай думкі.

Аляксандр Скобаў у савецкі час выпускаў у Ленінградзе дысыдэнцкі часопіс «Перспективы». У СССР яго двойчы адпраўлялі на прымусовае лячэньне праз удзел у апазыцыйнай дзейнасьці. У Расеі Скобаў публікаваўся ў апазыцыйным выданьні «Грани».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG