Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік расейскаму коміку Астаніну, — адвакат


Арцемій Астанін у Маскоўскім гарадзкім судзе, 19 сакавіка 2025
Арцемій Астанін у Маскоўскім гарадзкім судзе, 19 сакавіка 2025

Супрацоўнікі сілавых органаў Беларусі падчас затрыманьня зламалі рэбры і хрыбетнік расейскаму стэндап-коміку Арцемію Астаніну, заявіў ягоны адвакат. Ягоныя словы цытуе расейскі тэлеграм-канал Mash.

Паводле адваката, у Астаніна пачаліся праблемы з лёгкімі. Нягледзячы на інфармацыю аб траўмах, 19 сакавіка Маскоўскі гарадзкі суд прыняў рашэньне ўзяць Астаніна пад варту на два месяцы ў рамках раней распачатай крымінальнай справы. Пры гэтым пракуратура выступала супраць узяцьця Астаніна пад варту, паведамляе ТАСС.

18 сакаваік супрацоўнікі ГУБАЗіК паведамілі, што затрымалі Астаніна ў Беларусі. У Расеі яго абвінавацілі ў глумленьні над удзельнікамі расейскай вайны ва Ўкраіне. Як паведаміў адзін з ТГ-каналаў беларускіх сілавікоў, Астанін нібыта хацеў празь Менск паляцець у трэцюю краіну.

На канале выставілі ягонае фота каля мяжы Беларусі і Расеі зь мясарубкай на шыі. На фота Астанін таксама коратка падстрыжаны, хоць на здымку адразу пасьля затрыманьня ў яго доўгія валасы. Пазьней яго даставілі ў Маскву.

Сьледчы камітэт Расеі інкрымінаваў Астатніну распальваньне нянавісьці або варожасьці, а таксама зьнявагу чалавечай годнасьці. Яму пагражае да шасьці гадоў абмежаваньня волі.

Нагодай для перасьледу стаў жарт падчас выступу ў Маскве пра чалавека, які страціў ногі. Вайна ва Ўкраіне пры гэтым у выступе Астаніна ня згадвалася. Але расейскія праўладныя актывісты, якія напісалі на яго скаргу, палічылі, што «гаворка можа ісьці пра вайскоўца, які атрымаў цяжкае раненьне падчас СВА (вайну расейскія ўлады называюць спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй).

Арцём Астанін заявіў, што яго жарт ня мае ніякага дачыненьня да арміі. Ён сказаў, што гаворка ідзе пра «прафэсійных жабракоў», якія дзесяцігодзьдзямі прасілі ахвяраваньні.

Як паведамляе «Настоящее время», раней Сьледчы камітэт Расеі заявіў, што комік «нэгатыўна і абразьліва выказваўся ў адрас удзельніка спэцапэрацыі». Потым ён выправіў тэкст паведамленьня: паводле новай вэрсіі сьледзтва, Астанін «непрыязна выказваўся ў адрас асоб, якія атрымалі калецтвы і страцілі працаздольнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG