У парлямэнце Вялікай Брытаніі 20 сакавіка створаная ўсепартыйная група «За дэмакратычную Беларусь», паведаміў агенцтву «Позірк» старэйшы дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Паводле яго слоў, група стане «дадатковай пляцоўкай для ўзмацненьня падтрымкі беларускага руху з боку Вялікай Брытаніі».
Групу ўзначаліла сябра Кансэрватыўнай партыі, «ценявы» міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Уэндзі Мортан. У папярэднім складзе брытанскага парлямэнта аналягічную групу ўзначальваў лейбарыст Тоні Лойд (памёр у студзені 2024 году, парлямэнцкія выбары прайшлі ў ліпені таго ж году).
4 сакавіка дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў міжпарлямэнцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь» уваходзяць 23–24 парлямэнцкія групы, гэтая колькасьць зьмяняецца ў залежнасьці ад выбараў у заканадаўчыя органы ўлады, якія праходзяць у краінах гэтага альянсу.
Аб стварэньні альянсу «За дэмакратычную Беларусь» аднайменнымі групамі ў парлямэнтах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 году. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж году ў Бэрліне.
6-7 сакавіка сёлет ў Рыме прайшла другая канфэрэнцыя Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» пад назвай «Правы і аўтарытарызм — кейс Беларусі». Падчас яе абмяркоўвалі, як захаваць Беларусь у міжнародным парадку дня і як супрацьстаяць ролі Лукашэнкі ў вайне Расеі супраць Украіны.
У форуме альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 парлямэнтаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, беларускія экспэрты і праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі «народных амбасадаў». Па выніках дэпутаты 17 эўрапейскіх краін падпісалі Рымскую дэклярацыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
Пра што гаворка ў Рымскай дэклярацыі
У Рымскай дэклярацыі сваёй агульнай мэтай парлямэнтары заяўляюць «аднаўленьне дэмакратыі ў Беларусі праз свабодныя і справядлівыя выбары і спрыяньне інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскія структуры».
У ёй парлямэнтары падкрэсьліваюць, што Лукашэнка і ягоны «парлямэнт» зьяўляюцца нелегітымнымі, а іх рашэньні ня маюць юрыдычнай сілы, а таксама заклікаюць усе нацыянальныя парлямэнты і міжнародныя парлямэнцкія арганізацыі падтрымліваць Сьвятлану Ціханоўскую як прадстаўніцу беларускага народа рознымі спосабамі, разьвіваць супрацоўніцтва з Аб’яднаным пераходным кабінэтам міністраў, Каардынацыйнай радай, беларускімі дэмакратычнымі партыямі, няўрадавымі арганізацыямі і незалежнымі СМІ.
Сярод прыярытэтных задач, названых у Рымскай дэклярацыі, якую падпісалі 30 парлямэнтароў з 17 краінаў:
- спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі;
- садзейнічаньне інтэграцыі беларусаў, якія вымушаныя пакінуць краіну з прычыны рэпрэсій, на аснове рэкамэндацый, выкладзеных у Люксэмбургскіх рашэньнях;
- правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ;
- шуканьне магчымасьцяў тэхнічнай дапамогі для падтрымкі працы беларускіх СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці;
- падтрымка беларускіх антываенных ініцыятываў на фоне працягу вайны Расеі супраць Украіны,
- прыцягненьне прадстаўнікоў беларускага рэжыму да адказнасьці за злачынствы супраць чалавечнасьці і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Форум