Аб адмене і фэстывалю «Сьвята Сонца» паведаміла ў сваім тэлеграм-канале праўладная актывістка Вольга Бондарава.
«У нашым распараджэньні ёсьць афіцыйны адказ, які пацьвярджае, што нэапаганскі шабас «Сьвята сонца» з свастыкай і рунамі скасаваны, пасьведчаньне на права арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчавага мерапрыемства, выдадзенае дзяржаўнай установе культуры «Пухавіцкі раённы цэнтар культуры», — ануляванае».
Таксама яна паведаміла, што БЕЛТА выдаліла матэрыял пра фэстываль з свайго сайту.
Сёлета на фэсьце мелі выступіць Іван Кірчук, гурт KaS, іншыя музыкі.
Раней пасьля нападак праўладных актывістаў у Менску закрылі выставу «Беларускі бэстыярый». Выстава ў галерэі «Мастацтва» плянавалася да 22 сакавіка, але 13 сакавіка ў сацыяльных сетках праекту зьявіўся допіс аб закрыцьці экспазыцыі. Наведаць яе можна было ўсяго два дні.
Аўтары праекту Валянцін Дэльвеста, муж і жонка Яўген і Яўгенія Кот аб’ядналі ў адной экспазыцыйнай прасторы пэрсанажаў беларускіх казак, мітаў, паданьняў і легендаў, пісала пра адкрыцьцё выставы дзяржаўная газэта «Звязда».
12 сакавіка, на другі дзень пасьля адкрыцьця выставы, тэмай экспазыцыі абурылася праўладная актывістка і мастачка Сьвятлана Жыгімонт, паведаміла «Наша ніва». Яе незадаволенасць падхапілі Вольга Бондарава і Аляксандар Плавінскі. Яны ўгледзелі ў тэматыцы беларускіх мітаў і казак «сатанізм» і «нэапаганства».