Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп правёў тэлефонную размову зь Зяленскім

абноўлена

Уладзімер Зяленскі і Дональд Трамп
Уладзімер Зяленскі і Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. У сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп напісаў, што размова працягвалася каля гадзіны, і назваў яе «вельмі добрай».

Паводле яго, большая частка дыскусіі грунтавалася на ягонай учорашняй тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, каб «зблізіць» патрэбы і запыты Расеі і Ўкраіны.

Паводле прэсавай службы Белага дому, учора Трамп і Пуцін пагадзіліся пачаць шлях да міру з 30-дзённай адмовы ад ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры паміж Расеяй і Ўкраінай. Аднак сёньня і Расея, і Ўкраіна заявілі пра такія ўдары з боку праціўніка.

Пазьней Зяленскі напісаў у сацыяльнай сетцы Х, што размова з Трампам была «пазытыўнай, вельмі зьмястоўнай і шчырай». Паводле Зяленскага, Трамп паінфармаваў яго пра сваю размову з Пуціным.

Зяленскі напісаў, што падтрымаў прапанову аб прыпыненьні ўдараў па энэргетычнай і іншай цывільнай інфраструктуры, а таксама, што Ўкраіна гатовая да спыненьня баявых дзеяньняў без папярэдніх умоваў. «Мы будзем працягваць працаваць, каб гэта адбылося».

Прэсавы сакратар Белага дому заявіў увечары, што Зяленскі гатовы абмяркоўваць мірную дамову і «мы рухаемся да працы над практычнымі аспэктамі мірнай дамовы, да чаго мы ніколі не былі так блізкія».

У заяве Крамля па выніках учорашняй размовы гаворылася пра пазыцыю расейскага боку, што галоўнай умовай дыпляматычнага разьвязаньне канфлікту павінна стаць «поўнае спыненьне замежнай ваеннай дапамогі і прадастаўленьня разьведвальнай інфармацыі Кіеву». Паводле прэсавага сакратара Белага дому, будуць працягваць пастаўляць разьведвальную інфармацыю, патрабную для абароны Ўкраіны.

У супольнай заяве дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё і дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Майка Ўолца таксама гаворыцца, што Зяленскі зьвярнуўся з просьбай пра пастаўкі дадатковых сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot і Трамп пагадзіўся «працаваць над тым, каб знайсьці, што ёсьць даступнага, асабліва ў Эўропе».

У заяве таксама адзначаецца, што Трамп абмяркоўваў забесьпячэньне Ўкраіны электрычнасьцю і ўкраінскія АЭС, сказаўшы, што досьвед ЗША быў бы карысным у іх выкарыстаньні. «Амэрыканская ўласнасьць гэтых станцыяў была б найлепшай абаронай для гэтай інфраструктуры і падтрымкай для ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG