Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Робат-асыстэнт Алена. У Беларусі сама меней на двух газавых прадпрыемствах пачалі выкарыстоўваць ШІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Першым галасавога памочніка ўласнай вытворчасьці ў 2024 годзе пачалі выкарыстоўваць у «Віцебскаблгазе». Сёлета робат-асыстэнт Алена пачала працаваць у прадпрыемстве «Мазыргаз».

Як паведаміла Нараўлянскае раённае выданьне «Прыпяцкая праўда», цяпер галасавы памочнік працуе і ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласьці.

«Робат-асыстэнт умее распазнаваць гаворку, адказваць на пастаўленыя пытаньні і аўтаматычна апрацоўваць тэкставыя паведамленьні. Ён працуе 24/7, таму нашыя абанэнты могуць атрымаць інфармацыю, якая іх цікавіць, у любы час. У тым выпадку, калі неабходна дадатковая дапамога, Алена перанакіруе званок ці паведамленьне ў кол-цэнтар, дзе больш падрабязна разабрацца ў сытуацыі дапаможа спэцыяліст», — сказаў намесьнік начальніка, галоўны інжынэр Нараўлянскага РГС Дзьмітры Аляксеенка.

Паводле яго, галасавы памочнік умее праводзіць аналіз дыялёгу, выдзяляць зь яго ключавыя моманты, а таксама рэагаваць на эмацыйную афарбоўку звароту. Апроч таго, Алена можа адказаць і на пытаньні, у тым ліку, наконт запазычанасьці за спажываньне газу.

Выданьне паведаміла, што праграма выкарыстоўваецца ў тэставым рэжыме — адмыслоўцы аналізуюць запыты і на падставе гэтых зьвестак дапрацоўваюць ужо дзейныя функцыі галасавога памочніка. «У пэрспэктыве плянуецца расшырыць функцыянал галасавога памочніка і ўключыць у яго прыём заявак ад абанэнтаў», — адзначаецца ў публікацыі.

Сёлета ў красавіку разьвіцьцё штучнага інтэлекту ўключылі ў прыярытэтныя кірункі навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасьці ў Беларусі на 2026–2030 гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG