Пра гэта паведамляе спэцыялізаванае міжнароднае выданьне ў пытаньнях выведкі Intelligence Online.
Польская вайсковая выведка (SWW) выказвае занепакоенасьць ростам колькасьці трэніровак па вядзеньні баявых дзеяньняў з выкарыстаньнем дронаў, якія на авіябазе Віцебск-Паўночны (Журжава) праводзяць чальцы расейскай ПВК «Вагнэр» з ухвалы беларускіх улдаў.
Паводле зьвестак Intelligence Online у Варшаве, падразьдзяленьні радыёперахопу SWW уважліва сочаць за дзейнасьцю гэтага цэнтру ў Беларусі, які набывае ўсё большае значэньне. Кожны месяц там праходзяць падрыхтоўку замежныя вайскоўцы з Афрыкі.
Крыніцы ў Польшчы паведамляюць, што ў канцы лютага ў Віцебску праходзілі навучаньне байцы 36-га батальёна спэцназу Лібійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) Халіфы Хафтара. У гэтыя ж дні базу наведалі Садам Хафтар (сын Халіфы Хафтара) і Руслан Члян, вядомы як «Радзімір», новы куратар расейскай дзейнасьці ПВК «Вагнэр» у Лібіі. Яны прыбылі, каб назіраць за манэўрамі на навучальным палігоне.
Хуткім часам у Беларусь таксама мае прыбыць кантынгент з Малі для праходжаньня аналягічных трэніровак. Варшава вельмі гэтым занепакоеная і спрабуе папярэдзіць саюзьнікаў па NATO.
Трэніроўкі вельмі інтэнсіўныя. Іх праводзяць інструктары з Расеі. Цягам трох тыдняў удзельнікаў адпрацоўваюць:
— асновы эксплюатацыі тактычных дронаў-выведнікаў і ўдарных дронаў;
— зборку FPV-дронаў з дапамогай 3D-друкарак;
— праграмаваньне бартавога праграмнага забесьпячэньня;
— пілятаваньне і ўжываньне супрацьпяхотных і супрацьтанкавых зарадаў.
На палігоне ў Віцебску створаная разгалінаваная сыстэма акопаў і разьбітая бронетэхніка, якая імітуе ўмовы рэальнага бою ва Ўкраіне. Навучаньне таксама праводзіцца на закінутай авіябазе Журжава.
Акрамя таго, курсанты вывучаюць мэтады радыёэлектроннай барацьбы з беспілётнікамі.
Доўгае знаходжаньне байцоў ПВК «Вагнэр» у Беларусі, ухваленае Аляксандрам Лукашэнкам у чэрвені 2023 года, з самага пачатку выклікала сур’ёзныя асьцярогі ў польскай выведкі. SWW і польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) асьцерагаюцца, што расейскія найміты могуць быць задзейнічаныя ў дывэрсіях і таемных апэрацыях супраць Польшчы.
Гэтыя перасьцярогі ўзмацніліся пасьля таго, як з верасьня 2024 году расейскія інструктары ў Беларусі, якімі кіраваў Сяргей Чубко, пачалі рыхтаваць беларускія войскі да вайны дронаў.
Асноўны касьцяк інструктараў складаюць вэтэраны бітвы за Бахмут. Яны штомесяц праводзяць некалькі курсаў для пяхотных частак, дэсантнікаў рэгулярнай беларускай арміі, спэцназу і групы «Альфа» беларускага КДБ. Навучаньне ўключае зборку, праграмаваньне, рамонт і пілятаваньне FPV-дронаў.
Форум