З пачатку 2025 году ў Менскай вобласьці пачасьціліся выпадкі атручэньня алькагольнымі сурагатамі, у выніку «хвалі атручваньняў тэхнічнымі вадкасьцямі» загінулі чатыры чалавекі, піша Позірк.
Прэс-служба Сьледчага камітэту адзначае, што ведамства «праводзіць праверкі кожнага інцыдэнту».
«У Барысаўскім раёне двое мужчын памерлі пасьля ўжываньня вадкасьці для ачышчэньня шкла і шчаўевай кіслаты, памылкова прынятай за сьпіртное. У Менскім раёне мужчына памёр у шпіталі пасьля ўжываньня шкламыйнай вадкасьці», — гаворыцца ў паведамленьні.
Загінулым было 39, 62 і 60 гадоў адпаведна. Аб чацьвёртым сьмяротным выпадку не згадваецца.
Пры гэтым зазначаюць, што ў шпіталі пад наглядам лекараў знаходзіцца 48-гадовы жыхар Менскага раёну, які «пасьля сваркі з жонкай» выпіў у гаражы каля 100 мл тармазной вадкасьці.
Ведамства заклікала грамадзян «праяўляць пільнасьць» і «зьвяртаць увагу на выгляд бутэлькі, этыкетку, кансыстэнцыю, колер і пах напою». «Не ўжывайце вадкасьць, калі яна выклікае ў вас падазрэньні», — падкрэсьлівае СК.
Форум