Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША і кіраўнік МЗС Расеі правялі тэлефонныя перамовы


Падчас сустрэчы Дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе, 18 лютага 2025
Падчас сустрэчы Дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе, 18 лютага 2025

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё і міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў правялі тэлефонныя перамовы. Пра гэта паведамляе Дзярждэпартамэнт.

У паведамленьні Дзярждэрартамэнту гаворыцца, што Рубіё расказаў Лаўрову аб пачатку ваеннай аперацыі ЗША супраць хусітаў у Емене.

Акрамя таго, Рубіё і Лаўроў абмеркавалі далейшыя крокі ў працяг нядаўніх сустрэчаў у Саудаўскай Арабіі і дамовіліся працягваць працу па аднаўленьні адносінаў паміж Вашынгтонам і Масквой.

Міністэрства замежных спраў Расеі па выніках перамоваў паведаміла, што Лаўроў, камэнтуючы сытуацыю вакол Емэну, «падкрэсьліў неабходнасьць неадкладнага спыненьня прымяненьня сілы ўсімі бакамі», каб пазьбегнуць «далейшага праліцьця крыві».

15 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што загадаў вайскоўцам нанесьці ўдары па пазыцыях хусітаў, якія кантралююць большую частку паўночнага Емэну. У пачатку году Белы дом прызнаў хусіцкі рух «Ансар Ала» тэрарыстычнай арганізацыяй.

У ноч на нядзелю, 16 сакавіка, авіяцыя ЗША пачала наносіць удары па аб'ектах хусітаў. Падкантрольнае «Ансар Ала» Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў выніку атакі загінулі больш за 30 чалавек, больш за 100 атрымалі раненьні.

Марка Рубіё і Сяргей Лаўроў сустракаліся асабіста ў сталіцы Саудаўскай Арабіі Эр-Рыядзе ў лютым. Сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў стала першай з пачатку маштабнага нападу Расеі на Украіну ў 2022 годзе. 11 сакавіка Рубіё сустракаўся ў Джыдзе з прадстаўнікамі Ўкраіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG