Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Босьніі і Герцагавіны распарадзілася затрымаць кіраўніка Рэспублікі Сэрбскай


Міларад Додзік, архіўнае фота
Міларад Додзік, архіўнае фота

Пракуратура Босьніі і Герцагавіны запатрабавала ад паліцыі затрымаць для дачы паказаньняў Міларада Додзіка, кіраўніка Рэспублікі Сэрбскай (аўтаномнай адзінкі ў складзе Босьніі і Герцагавіны), а таксама прэм’ер-міністра Радавана Вішкавіча і старшыню Народнай скупшчыны Рэспублікі Сэрбскай Нэнада Стэвандзіча. Пра гэта паведамляе бальканская служба Радыё Свабода.

У пастанове пракуратуры гаворыцца, што яны падазраюцца ў «замаху на канстытуцыйны лад».

Міларад Додзік знаходзіцца ў горадзе Баня-Лука — адміністрацыйным цэнтры Рэспублікі Сэрбскай. На прэс-канфэрэнцыі ён заявіў, што ня будзе рэагаваць на патрабаваньне пракуратуры. «Вазьміце нас тут, паглядзім, як вы гэта зробіце», — сказаў ён.

26 лютага суд Босьніі і Герцагавіны асудзіў Міларада Додзіка на год зьняволеньня, а таксама прысудзіў яму забарону займаць пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Сэрбскай на працягу шасьці гадоў з дня ўступленьня прысуду ў законную сілу. Сам Додзік і ягоныя адвакаты ў судзе не прысутнічалі, прысуд быў вынесены завочна.

Суд тады апраўдаў выканаўцу абавязкаў дырэктара афіцыйнай газэты гэтай часткі фэдэратыўнай басьнійскай дзяржавы Мілаша Лукіча. І Додзіка, і Лукіча вінавацілі ў непавазе да рашэньняў Вярхоўнага прадстаўніка міжнароднай супольнасьці Крыстыяна Шміта.

Додзіка абвінавацілі ў падпісаньні прэзыдэнцкіх указаў, якія прызналі правамоцнымі два неканстытуцыйныя законы Рэспублікі Сэрбскай, якія раней ануляваў Вярхоўны прадстаўнік. Гэта законы аб непрымяненьні рашэньняў Канстытуцыйнага суду БіГ і аб непрымяненьні рашэньняў Вярхоўнага прадстаўніка (OHR) на тэрыторыі рэгіёну. Лукіча вінавацілі ў публікацыі гэтых законаў і ўказаў у «Афіцыйным весьніку Рэспублікі Сэрбскай».

Дэйтанскае пагадненьне 1995 году, якім замацавалі мір у краіне і спынілі Басьнійскую вайну, стварыла прававую аснову для Офісу Вярхоўнага прадстаўніка. Дадатак 10 прадугледжвае стварэньне Ўправы вярхоўнага прадстаўніка (OHR) у Босьніі і Герцагавіне, каб назіраць за грамадзянскім выкананьнем пагадненьня, прадстаўляючы краіны, якія ўдзельнічаюць у Дэйтанскіх пагадненьнях, праз Раду выкананьня міру.

У 1997 годзе ў нямецкім Боне Ўправу Вярхоўнага прадстаўніка ўпаўнаважылі прымаць абавязковыя для выкананьня ў БіГ рашэньні, калі мясцовыя бакі няздольныя або не жадаюць дзейнічаць; а таксама адхіляць ад пасады дзяржаўных чыноўнікаў, якія парушаюць юрыдычныя абавязаньні або Дэйтанскія пагадненьні.

Крымінальны кодэкс БіГ прадугледжвае турэмнае зьняволеньне ад шасьці месяцаў да пяці гадоў за непавагу да рашэньняў Вярхоўнага прадстаўніка, а таксама прадугледжвае магчымасьць адхіленьня ад пасады і забарону на палітычную дзейнасьць.

У заключным слове 19 лютага пракуратура БіГ папрасіла суд прысудзіць Додзіку пяць гадоў пазбаўленьня волі і забараніць яму займацца палітычнай дзейнасьцю на працягу дзесяці гадоў. Такое ж максымальнае пакараньне пракуратура прасіла і для Лукіча.

У сваім заключным слове Додзік сказаў, «што мы ўсе павінны змагацца за тое, каб БіГ больш не была пратэктаратам, а вярнула сабе сувэрэнітэт», паўтарыўшы старыя тэзісы аб тым, што Шміту не хапае легітымнасьці, бо ягонае прызначэньне не пацьвердзіла Рада Бясьпекі ААН. Гэтую працэдуру праходзілі іншыя высокія прадстаўнікі.

Міларад Додзік
Міларад Додзік

Ціск на суд і акцыі падтрымкі

Працэс над Додзікам і Лукічам пачаўся яшчэ 5 лютага 2024 году і быў адзначаны абвінавачваньнямі з боку абароны ў перадузятасьці на адрас Суду БіГ, судзьдзяў і пракурораў, а таксама просьбамі перанесьці працэс у суд у Баня-Луцы, сталіцы Рэспублікі Сэрбскай.

За кожным слуханьнем сачылі дзясяткі прыхільнікаў Додзіка, якія сьцьвярджалі, што прыйшлі на ўласнае жаданьне, перад будынкам суду БіГ у Сараеве.

24 лютага ўрад Рэспублікі Сэрбскай прыняў «Адозву аб парушэньні Канстытуцыі Босьніі і Герцагавіны, мерах і задачах, накіраваных на абарону Канстытуцыі Босьніі і Герцагавіны». У адозьве, між іншым, гаварылася, што Рэспубліка Сэрбская прыме меры палітычнымі і прававымі сродкамі, «калі прававы гвалт супраць рэспублікі ня спыніцца і ня будзе палітычнай волі і міжнароднай падтрымкі вярнуць БіГ да яе асноў і ператварыць яе ў дзяржаву, у якой паважаюцца Дэйтанская канстытуцыя і законы».

Што прывяло да суду?

На сэсіях Нацыянальнай Скупшчыны Рэспублікі Сэрбскай у чэрвені 2023 году дэпутаты прынялі неканстытуцыйныя законы аб тым, што прававыя акты Вярхоўнага прадстаўніка ня будуць публікавацца ў «Афіцыйным весьніку» Рэспублікі Сэрбскай, а рашэньні Канстытуцыйнага суду БіГ, якія зьяўляюцца канчатковымі і абавязковымі ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, ня будуць прымяняцца на тэрыторыі гэтага ўтварэньня.

1 ліпеня 2023 году Высокі прадстаўнік праз Бонскія паўнамоцтвы скасаваў два законы і ўнёс папраўкі ў Крымінальны кодэкс БіГ, у выніку чаго невыкананьне рашэньняў Высокага прадстаўніка прызнана крымінальным злачынствам. 7 ліпеня 2023 году Додзік падпісаў указы аб прызнаньні прынятых Скупшчынай законаў сапраўднымі, і яны былі апублікаваныя ў «Афіцыйным весьніку». У адказ на гэта 11 жніўня Пракуратура БіГ выставіла абвінаваўчы акт супраць Додзіка і Лукіча, а суд пацьвердзіў яго празь месяц.

Раней Додзік абвясьціў, што ня будзе прысутнічаць на вынясеньні прысуду, але замест гэтага заклікаў грамадзян, якія ўжо больш за год прыходзяць да суду БіГ, каб падтрымаць яго, прыйсьці на сход у Баня-Луцы 26 лютага.

Пасьля вынясеньня прысуду першай інстанцыі або падачы апэляцый Апэляцыйная калегія суду БіГ мусіць вынесьці канчатковы вэрдыкт прыкладна на працягу трох з паловай месяцаў.

Працэс над Додзікам і Лукічам — першы судовы працэс у БіГ аб крымінальным злачынстве ў выглядзе непавагі да рашэньняў Вярхоўнага прадстаўніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG