Менск і Бішкек вядуць перамовы аб перадачы Кіргізстану экс-прэзыдэнта гэтай краіны ў Цэнтральнай Азіі Курманбека Бакіева, які атрымаў прытулак у Беларусі, заявіў агенцтву «Кабар» дзейны кіргізстанскі кіраўнік Садыр Жапараў.
«Што да Курманбека Бакіева, па ім вядуцца перамовы. Нам гавораць: «Калі не пасадзіце, то гатовы яго перадаць», — сказаў прэзыдэнт Жапараў у кантэксьце адказу на пытаньне, зьвязанае з чуткамі аб прыезьдзе ў Кіргізстан старэйшага сына Бакіева Максіма, прыгаворанага ў роднай краіне да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Аналягічная сытуацыя з экс-прэм’ерам Ісакавым, які знаходзіцца ў вышуку, — у Менску, паводле Жапарава, гавораць: «Калі не пасадзіце, гатовы перадаць хоць сёньня». У Бішкеку, сказаў ён, «думаюць над гэтым».
«З аднаго боку, можна ж пагадзіцца, прывезьці іх і дапытаць па справе ЦЭЦ, па справе музэя. Хай раскажуць, хто і колькі грошай атрымаў, — адзначыў ён. — А вяртаньне скрадзеных сродкаў у бюджэт — гэта ўжо задача сілавых структур. Бо мільярды скрадзеных сродкаў мы менавіта такімі шляхамі і вярнулі».
«Тое ж датычыцца і Курманбека Бакіева. Гаворка ідзе пра тое, колькі грошай захоўвалася ў ячэйках. Таксама абмяркоўваецца выкрадзены з офіса Максіма залаты канцэнтрат. Які быў яго абʼём у тонах? Мы маглі б заслухаць яго, як другі бок па падзеях красавіка, чэрвеня [2010 года] ды іншым справам і, нарэшце, паставіць у іх кропку. Бо народ ужо 15 гадоў патрабуе: «Чаму ня можаце даставіць іх з той жа Масквы ці Менска?», — сказаў прэзыдэнт Кыргызстана.
Афіцыйны Менск ігнаруе запыты кыргызскай генпракуратуры аб выдачы былога прэзыдэнта Кіргізстана Курманбека Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі ў 2010 годзе, завочна прыгавораны на радзіме ўжо да некалькіх працяглых тэрмінаў пазбаўленьня волі па справах, зьвязаных з карупцыяй. Палітык атрымаў беларускае грамадзянства.
Форум