Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома яшчэ аб адным беларусе, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон Украіны


Расейскія падразьдзелы на пляцы ў Растоўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія падразьдзелы на пляцы ў Растоўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

Цяпер разам з Андрэем Лапатнёвым ва ўкраінскім палоне знаходзяцца яшчэ тры грамадзяніна Беларусі: Яўген Камянькоў, Артур Яфрэмаў і Дзьмітры Ананчык.

Ва Ўкраіне паведамілі пра яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і трапіў у палон у часе штурму ўкраінскіх пазыцый.

«Гэта нават не мясны штурм. Гэта называецца адкрывачка, то бок я трапіў на міннае поле. [...] Мне сказалі ісьці туды, «там нашы пазыцыі, якія вы павінны ахоўваць», — сказаў Андрэй Лапатнёў у інтэрвію ўкраінскаму журналісту Юрыю Бутусаву. На гэта зьвярнула ўвагу беларускае выданьне «Наша ніва».

Беларус расказаў, што паходзіць зь Віцебска. Яго рыхтавалі на штурмавіка 47 дзён. Ён служыў у 123-й мотастралковай брыгадзе і напісаў заяву на расейскае грамадзянства.

Андрэй Лапатнёў зь Віцебска расказаў, што ягоныя сваякі ня ведалі аб ягоным кантракце з расейскай арміяй. Ён дадаў, што ён меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб пазьбегнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. Гэта адбылося 2 красавіка 2024 году.

Паводле Лапатнёва, яму паабяцалі, што ён ня будзе браць удзел у баявых дзеяньнях і будзе служыць у Луганску. Яму 33 гады, мае вышэйшую адукацыю.

За апошні час гэта чацьвёрты выпадак, калі беларусы, якія служылі па кантракце ў расейскай арміі і ваявалі ва Ўкраіне, трапілі ва ўкраінскі палон.

Цяпер разам з Андрэем Лапатнёвым ва ўкраінскім палоне знаходзяцца прынамсі чатыры грамадзяніна Беларусі: Яўген Камянькоў (падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га), Артур Яфрэмаў (паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году) і Дзьмітры Ананчык (падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон).

Апроч таго, стала вядома пра двух беларусаў, якія паехалі ва Ўкраіну ваяваць на баку Расеі і прапалі бязь вестак — Яўгена Ільіна і Міхаіла Шалгуна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG