Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7000 эўра для Ксеніі Луцкінай сабралі за два дні


Ксенія Луцкіна
Ксенія Луцкіна

Былую палітзьняволеную журналістку Ксенію Луцкіну вывезьлі зь Беларусі ў першыя дні сакавіка. Пакінуць краіну ёй дапамагла каманда эвакуацыі BySol. Каб дапамагчы Ксеніі Луцкіной пачаць новае жыцьцё ў новай краіне, BySol адкрыў дабрачынны збор. Неабходную суму сабралі за 2 дні.

У дадзены момант сабраная сума перакрочыла 7 тысяч эўра, але збор працягваецца.

20 жніўня 2024 году стала вядома, што Ксенія Луцкіна выйшла на волю па памілаваньні. Журналістка правяла за кратамі 3 гады і амаль 8 месяцаў. Дома журналістку чакаў непаўналетні сын.

Журналістка Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, займалася стварэньнем дакумэнтальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У жніўні 2020 году, пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, выказаўшы нязгоду з палітыкай кіраўніцтва, і звольнілася зь Белтэлерадыёкампаніі. Пазьней Ксенія ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай і разам зь іншымі журналістамі плянавала стварыць «альтэрнатыўную тэлевізію» на плятформе YouTube.

Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году ў Менску. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачаньне ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў, але пазьней абвінавачаньне перакваліфікавалі на «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 28 верасьня 2022 году Ксенію Луцкую асудзілі на 8 гадоў калёніі.

У зьняволеньні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем: у яе была дыягназаваная пухліна галаўнога мозгу, якая павялічвалася, выклікаючы пастаянныя галаўныя болі і патрабуючы рэгулярнага прыёму абязбольвальных прэпаратаў. У лютым 2023 году Ксенія перанесла цяжкую двухбаковую пнэўманію, што яшчэ больш аслабіла яе арганізм. Роўна праз год, у лютым 2024-га, яшчэ адну.

Нягледзячы на пастаянны ціск у 2021 годзе Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

13 студзеня 2023 году МУС Беларусі дадаў палітзьняволеную у «Сьпіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG