І выразна бачу, што гэтая схема працуе, бо жаночая салідарнасьць — гэта моц. Хоць на грамадзкім узроўні гэтая моц часта застаецца незаўважанай.
У пляне гендэрнага падзелу роляў беларускае грамадзтва не асабліва адрозьніваецца ад так званых прасунутых і заходніх. У нас у палітыцы і актывізьме ўдзельнічаюць і мужчыны, і жанчыны, але пра роўнасьць гаварыць не выпадае. І — не, наяўнасьць Сьвятланы Ціханоўскай не кампэнсуе ўсяго астатняга.
Пра што канкрэтна я гавару? Ды пра тое, што ў грамадзка-палітычным жыцьці мужчыны і жанчыны нярэдка выконваюць розныя задачы. Жанчыны часьцей робяць ціхую, незаўважную вялікай публіцы працу, у той час як публічным тварам вялікіх і важных праектаў застаюцца мужчыны. І гаворка не пра тое, што мужчын адтуль трэба прымусова прыбраць, а пра тое, што такі парадак у грамадзтве склаўся ня сам сабой. Гэта ня «проста так атрымалася», гэта частка патрыярхальнага ўкладу, у якім па падтрымку базава ідуць да жанчын, але нацыянальнымі героямі застаюцца збольшага мужчыны.
Вось узяць, да прыкладу, тэму падтрымкі палітзьняволеных — і тых, хто яшчэ за кратамі, і тых, хто ўжо на волі. Мэдыяполе выглядае так, што можна падумаць, нібыта займаюцца гэтым збольшага некалькі публічных мужчын. Нават не арганізацый, а асабіста іх лідэраў. Відаць, мы ўсё ж занадта доўга жылі пры Лукашэнку і прывыклі да карціны сьвету, у якой усё вакол — пэрсанальная заслуга Галоўнага Мужчыны. Цяпер такі ж падыход мы, людзі, якія супраць дыктатуры, сваімі рукамі перанесьлі ў новае жыцьцё.
І каманды, зь якімі працуюць гэтыя мэдыйныя мужчыны, і іншыя ініцыятывы, што займаюцца падтрымкай палітзьняволеных, часта застаюцца за кадрам. Недзе гэта тлумачыцца клопатам пра бясьпеку, недзе — звычайнай інэрцыяй.
Шырокае грамадзтва ня бачыць так званай бруднай працы — як актывісткі рэгулярна, дзень за днём падтрымліваюць родных палітзьняволеных. Вучаць пісаць лісты і складаць перадачы, шукаюць падтрымкі для дзяцей, якія часова засталіся без бацькоў. Яны ня робяць вялікага збору да сымбалічнай даты, а проста рутынна набываюць гэтым дзецям зімовыя боты і абанэмэнт у басэйн, знаходзяць грошы для жонак палітзьняволеных мужчын, каб тыя маглі паклапаціцца пра сябе — схадзіць на масаж, аплаціць няню ці проста працягваць разнастайна харчавацца, а ня траціць усё, што ёсьць, на адвакатаў і перадачы.
Вялізная частка нашага грамадзтва гэтага ня бачыць. І я пішу гэты тэкст не для таго, каб паскардзіцца на несправядлівы сьвет, у якім жанчыны па-ранейшаму застаюцца незаўважанымі. Не. Я пішу гэты тэкст, каб нагадаць, што жаночая салідарнасьць ёсьць, яна літаральна ратуе жыцьці і здароўе вялізнай колькасьці людзей, нават калі яна ня надта бачная зьнешнім назіральнікам і назіральніцам.
Я даўно вырасла і стала той жанчынай, якая можа падтрымаць і дапамагчы чужым дзецям. Але і сама я ў складанай сытуацыі па-ранейшаму іду да жанчын. І ні разу яшчэ не давялося пра гэта шкадаваць.
Мы ёсьць адна ў адной, і гэта велізарнае шчасьце.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум