Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра гібель ва Ўкраіне яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі


На мяжы Расеі і Ўкраіны паміж Белгарадзкай і Харкаўскай абласьцямі. Ілюстрацыйнае фота
На мяжы Расеі і Ўкраіны паміж Белгарадзкай і Харкаўскай абласьцямі. Ілюстрацыйнае фота

Мікалай Коваль загінуў летам 2024-га, але пра гэта стала вядома толькі цяпер.

44-гадовы Мікалай Коваль, які служыў па кантракце ў 254-м мотастралковым палку (в/ч 91704), які дысьлякаваўся ў Бранскай вобласьці, загінуў улетку 2024 году.

Як паведаміла выданьне «Наша ніва», Мікалай Коваль паходзіць з Рэчыцы, скончыў Гомельскі дзяржаўны прафэсійна-тэхнічны каледж кулінарыі і Гомельскі інжынэрны інстытут МНС, служыў у паветрана-дэсантных войсках, некаторы час працаваў у пажарнай аварыйна-выратавальнай частцы на аб’екце «Беларуснафты» пад Рэчыцай, быў начальнікам варты. Пасьля стаў індывідуальным прадпрымальнікам.

У траўні 2024-га Коваль атрымаў раненьне і трапіў у шпіталь у Белгарадзе. Пасьля зноў вярнуўся на вайну, яго прызначылі камандзірам узводу. З 4 ліпеня 2024-га лічыўся зьніклым бязь вестак.

Пра гібель Мікалая 30 жніўня 2024 году напісала ў сацсетках ягоная маці Тацяна Коваль: «Сыночак наш едзе дадому з СВА навечна маладым».

Коваля пасьмяротна ўзнагародзілі Ордэнам мужнасьці Расейскай Фэдэрацыі. У яго засталіся жонка і дзеці.

Раней стала вядома аб тым, што тры беларусы, якія служылі па кантракце ў расейскім войску, прапалі бязь вестак. Аднаго зь іх — Ігара Хасанава — пазьней знайшлі ў адным з шпіталяў у Луганскай вобласьці, куды ён трапіў з раненьнем.

Беларусы ваююць як на расейскім, так і на ўкраінскім баку. Агульная колькасьць тых, хто падпісаў кантракты з расейскай або ўкраінскай арміямі, невядомая. Пэрыядычна зьяўляюцца паведамленьні аб іх гібелі або зьнікненьні бязь вестак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG