Пагаварылі зь ім пра Вільню як цэнтар мінулага жыцьця краю, калыску мадэрнай беларускай нацыі і паэтычную крыніцу былых, сучасных і будучых творцаў.
Ад Вільні да Вільнюса
— Складзеная вамі анталёгія беларускай паэзіі пра Вільню пачынаецца вершам Цёткі «З чужыны» і заканчваецца «Разьвітаньнем» Адама Глёбуса. Але ж пра Вільню беларускія паэты пісалі і да Цёткі, пішуць пра яе і пасьля Адама Глёбуса. Чаму абралі толькі творы XX стагодзьдзя?
— Калі я пачынаў складаць анталёгію, а было тое на мяжы стагодзьдзяў, яшчэ пісаліся вершы пра Вільню і зусім ня думалася, што гэты струмок на вачах драбнее і высыхае. Марылася хутчэй пра наступную такую анталёгію — ХХІ стагодзьдзя. Між тым ішоў час, і беларускае разуменьне Вільні, якой яна ўяўлялася Багдановічу ці Караткевічу, ці таму ж Глёбусу (ды, бадай, усім беларускім паэтам самых розных стыляў і сьветапоглядаў), зьнікала.
Гэта я адчуў, калі нашы суайчыньнікі, у тым ліку і цяперашнія ўцекачы ў Вільні, сталі называць яе па-беларуску на літоўскі манер Вільнюсам — словам, за якім у нашай традыцыі і культуры зусім нічога не стаіць. Пры гэтым прычына зусім ня ў тым, што горад, які 600 гадоў быў супольнай сталіцай усяго беларуска-літоўскага краю, цяпер афіцыйна стаў толькі літоўскім — для культуры гэта не праблема. Прычына ў русыфікацыі самой Беларусі, бо менавіта з расейскай мовы яшчэ ў савецкія часы прыйшла ў беларускую гэтая новая назва — Вільнюс. Літоўцы, дарэчы, у сваёй мове пасьлядоўна называюць беларускія гарады так, як і называлі іх заўсёды: Горадня — Гардінас, Наваградак — Наўгардукас, і г. д.
Ці вялікая гэта страта для нас — беларускае разуменьне Вільні і тое, што перасталі пісацца беларускія вершы пра Вільню? Мяркуйце самі. У беларускай мове ёсьць яшчэ толькі адно імя ўласнае, якому можна прысьвяціць настолькі ж прадстаўнічую і дастатковую анталёгію, як Вільні. Гэтае імя — Беларусь.
Інакш кажучы, у гэтай анталёгіі сабраныя творы і паэты зь беларускім разуменьнем Вільні, якія мысьлілі яе ў кантэксьце Беларусі і пісалі па-беларуску. Вобразна яны называлі Вільню «калыскай сучаснай беларускай нацыі» — менавіта ад пачатку ХХ стагодзьдзя пачалося беларускае нацыябудаўніцтва, і менавіта ў Вільні гэта адбывалася. Першыя беларускія палітычныя партыі, газэты, школы, тэатры, цэрквы і касьцёлы, музэі... Уласна, усё, што на вачах станавілася сучаснай беларускай нацыяй.
Натуральна, пісаліся вершы пра Вільню і раней. Але толькі ў ХХ стагодзьдзі два гэтыя ўласныя імёны выразна зьядналіся — Вільня і Беларусь, зьявілася беларускае вымярэньне Вільні.
Ніякі іншы горад беларускія паэты ў ХХ стагодзьдзі не апявалі так, як Вільню. Пры тым, што вершы пра Вільню ў іхным даробку былі, як правіла, не аказійныя, а найлепшыя, якія застаюцца чыстым золатам беларускай паэзіі.
У папярэднім, ХІХ стагодзьдзі Вільня была для нашых продкаў галоўным горадам, «сэрцам краю», сталіцай. І пісалі тутэйшыя беларускія паэты свае вершы пераважна па-польску. Бадай, першы асэнсавана прамовіў слова «Беларусь» Кастусь Каліноўскі, які замацаваў гэтую назву, аддаўшы за яе жыцьцё. Гэта таксама было ў Вільні, у 1864 годзе. А слова Вільнюс, дарэчы, на што зьвяртае ўвагу Чэслаў Мілаш, у літоўскай мове зьявілася толькі ў 1918 годзе, дагэтуль была Вільня. У 1918-м два народы, якія спрадвеку існавалі разам, разышліся па розных шляхах.
Словам, складаючы анталёгію, яе пачатак, я не заходзіў на сумежныя тэрыторыі, якія ў ранейшыя часы былі супольнымі. Напрыклад, літоўцы колькі гадоў таму выдалі салідны том сярэднявечных гімнаў Вільні на лаціне, напісаных тутэйшымі паэтамі. А яшчэ... Беларускі фальклёр — песьні і прыказкі спрадвеку і па-беларуску, сярод якіх знакамітая «Рабі пільна, і тут будзе Вільня» — толькі вяршыня айсбэргу.
У выніку атрымалася рафінаваная менавіта беларуская Анталёгія, наш унёсак у мультыкультурную віленскую традыцыю, якую ў новых выданьнях можна будзе істотна дапаўняць.
— На працягу стагодзьдзя ўспрыманьне Вільні беларускімі творцамі зазнала шмат перамен. Як і чаму гэтыя перамены адбываліся? Хто з творцаў стаў найбольш выразным іх прадстаўніком?
— Думаю, успрыманьне Вільні як калыскі беларускай нацыі сфармавалася і было нязьменным у паэтаў ХХ стагодзьдзя, у тым ліку і ў нашых сучасьнікаў. Улады тут мяняліся часта, і якраз беларускае вымярэньне Вільні было той канстантай, якая трымала паэтаў на плыву і натхняла.
Пра віленскія мары беларускіх паэтаў
— У анталёгіі, апрача вершаў, зьмешчаныя некалькі празаічных тэкстаў, сярод якіх сваёй грунтоўнасьцю вылучаецца артыкул Антона Навіны «Вільня ў беларускай літаратуры». Аўтар артыкула, напісанага ў 1925 годзе, зрабіў клясыфікацыю твораў паводле ўспрыманьня ў іх месца Вільні: 1. Сталіца ВКЛ і гістарычны беларускі духоўны цэнтар; 2. Места творчае працы і змаганьня жывых беларускіх сіл; 3. Вільня будучыні. Якой бачылі беларускія паэты сто гадоў таму будучыню сваёй, як яны тады лічылі, Вільні? Чыё паэтычнае прароцтва спраўдзілася?
— Я б не назваў гэта прароцтвамі, хутчэй марамі. Беларускія паэты марылі бачыць Вільню сваім культурным цэнтрам. Так і адбылося. Ніхто не пярэчыць існаваньню і разьвіцьцю такога цэнтру ў цяперашняй Літве. Наадварот. Такога ўзаемадзеяньня беларускай і літоўскай культур і літаратур, як сёньня, не было ніколі ў гісторыі.
Пра што дакладна не маглі падумаць беларускія паэты, дык пра тое, што Вільня стане такім культурным цэнтрам, куды беларусы будуць уцякаць ад турмаў са сваёй радзімы. Сёньня ў Вільні ёсьць адэкватная (не савецкая) беларуская гімназія, унівэрсытэт, прэса, музэй, мноства самых розных ініцыятываў. Тым часам будучыня самой Беларусі аказалася пад пытаньнем. Калі б не захоп улады расейскім стаўленікам, ды яшчэ так надоўга, калі б не палітыка Масквы, у Беларусі б дамінавалі дэмакратыя, свая культура і мова, а будучыня была б прадказальнай,— прынамсі са свайго боку, як гэта адбылося ў Літве.
Пра троечніцу Беларусь і выдатніцу Літву
— Хрэстаматыйны вокліч Уладзімера Жылкі «О, Вільня, крывіцкая Мэка!» спрычыніўся ў свой час да рашэньня многіх маладых беларускіх адраджэнцаў вярнуць Вільні статус нацыянальнага духоўнага і культурнага цэнтру. Вы былі ў эпіцэнтры таго руху. Як ён пачаўся? І на якім этапе і чаму надышло своеасаблівае працьверазеньне ад тых рамантычных мрояў?
— Калі Літва стала незалежнай краінай, на самым пачатку 1990-х, у Вільні ажыло і беларускае жыцьцё, выходзіла «Наша Ніва», меншыя газэты, адрадзілася беларуская гімназія, вышэйшая адукацыя, мастацкае жыцьцё... Тады, дзесьці ў 1995-м, тормазам для гэтага пачаў станавіцца Менск. Беларусь выглядала троечніцай у параўнаньні з выдатніцай Літвой, якая ўсталявала дэмакратыю, стварыла дзяржаву, уступіла ў ЭЗ і шэнген, — і зьдзіўлялася, чаму Беларусь ня робіць таго самага? Гэта ж здорава, калі ў цябе дэмакратыя і свабода, калі няма межаў. Вось як беларусы ў Вільні маглі на ўсё гэта рэагаваць? Натуральна, трымаліся Літвы, а не Беларусі, дзе новы правіцель пайшоў у рашучы наступ на свабоду і ўсё беларускае, супраць беларускай мовы і гісторыі...
Пра натхнёны час беларускай паэзіі
— А чым быў той віленскі пэрыяд 1990-х і пазьней для беларускай паэзіі?
— Гэта быў натхнёны час. Тацяна Сапач, Алег Мінкін, Ванда Марцінш душ Рэйш ды іншыя ўжо віленчукі і тыя, хто часьцяком прыяжджаў зь Беларусі, пісалі чароўныя вершы. Менавіта школа Багдановіча, Жылкі, Караткевіча расьцьвіла незвычайнымі творамі. Быццам папярэднія паўстагодзьдзя паэтам заціскалі рот, што, зрэшты, так і было, а тут — свабода. Яны проста пераўзыходзілі саміх сябе сярод віленскіх прывабнасьцяў.
«Малітва да Вільні
Горад наш, які ёсьць у нябёсах, нябёсы якога ёсьць памяць пра пакутнікаў, творцаў, герояў: Антоні, Астах, Іаан, Скарына Францішак, Каліноўскі Кастусь, ксёндз Станкевіч Адам, і Луцкевічы, і Аляхновіч...
Горад наш, які ёсьць на зямлі, а зямлёю якога ёсьць мы; хто належыць табе і цябе сатварае, табою сатвораны будзе.
Дай нам мудрасьці, Горад, каб вызначыць межы і месца сваё беларускае адпаведна цябе, на адлегласьці мары прасьветлай.
Дай нам голасу чыстага, славіць імя тваё, Горад, тут, цяпер, і далёка, і блізка, і заўтра, і вечна,
Вільня».
Гэты верш Тацяны Сапач у Анталёгію не ўвайшоў якраз з храналягічнай прычыны — напісаны ўжо ў ХХІ стагодзьдзі. Але на прэзэнтацыях мне хочацца чытаць менавіта яго, бо ён ілюструе думку пра беларускае вымярэньне Вільні.
Пра забытае сэрца краю і чужы горад
— Пасьля 2020-га Вільня зноў стала местам прыцягненьня беларускіх творчых сілаў. Ці можна гаварыць у гэтай сытуацыі пра новы пэрыяд беларускай паэзіі пра Вільню? Калі так, то які ён? І чым цяпер ёсьць Вільня ў адчуваньнях беларускіх паэтаў?
— Зьмяніліся пакаленьні, у Вільні зноў шмат беларусаў. Але 30 гадоў застою і рэпрэсіяў у Беларусі... Думаю, гэта будзе ня новы, а іншы пэрыяд. Беларусы забылі пра Вільню як пра сэрца краю, калыску нацыі і беларускае вымярэньне. Для іх гэта чужы горад, як і Літва — афіцыйна «недружалюбная» (з чаго б гэта?) краіна і ледзьве ня «дальняе зарубежжа» (калісьці пад такой рубрыкай Вільня фігуравала ў раскладзе на аўтавакзале ў Ашмянах). Сама Беларусь сёньня пад вялікім пытаньнем і не ўспрымаецца як простая боская дадзенасьць. І каб чарговы раз адрадзілася беларуская нацыя і каб адраджэньне, як тады, ішло зь Вільні... Адзінае, што, як я бачу, можна рэальна зрабіць, — прынамсі расказаць, як гэта было. Найбольш праніклівы расказ складзецца з найлепшых вершаў пра Вільню.
Шчыра кажучы, не магу ўявіць сабе сёньняшні беларускі верш пра Вільню. Магчыма, гэта будзе нешта зусім новае, адкрыцьцё, але ўжо зь нейкай іншай опэры.
Форум