Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус стаў адным з пераможцаў кулінарнага конкурсу ў Літве


Літоўскія цэпэлі́ны. Ілюстрацыйнае фота
Літоўскія цэпэлі́ны. Ілюстрацыйнае фота

Шэф-кухар зь Берасьця Артур Сёмін, які працуе ў прэстыжным рэстаране гатэля ў Вільні, заняў другое месца на нацыянальным конкурсе шэф-кухараў.

«Другое месца ў 24 гады ў іншай краіне — гэта было нешта зь нечым, але ўсё атрымалася, нягледзячы на стрэс і памылкі», — расказаў кухар Артур Сёмін тэлеканалу LRT.

У 2024 годзе ва ўзросьце 24 гадоў кухар заваяваў срэбра на конкурсе «Лепшы шэф-кухар Літвы», дзе спаборнічаў зь дзейным уладальнікам тытулу Ігнасам Даманскасам. Хоць ён мог удзельнічаць у конкурсе «Малады шэф-кухар Літвы», ягоны калега настойліва рэкамэндаваў яму паспрабаваць сілы ў конкурсе «Шэф-кухар Літвы». Прайшоўшы адбор, Артур увайшоў у лік шасьці фіналістаў, якія спаборнічалі ў лістападзе мінулага году падчас выставы ў «Litexpo», і заваяваў другое месца.

Паўтара года таму Артур прыняў рашэньне застацца ў Літве, асвоіў літоўскую мову.

Цікавасьць да кухарскай справы ў яго зьявілася яшчэ ў дзяцінстве, калі ён назіраў за зоркамі кулінарнага сьвету праз тэлевізар. У 14 гадоў ён ужо сам спрабаваў паўтарыць складаныя стравы з кулінарных кніг.

Яго любімая кухня — італьянская, і ён дагэтуль з асаблівым запалам гатуе пасту. Аднак ня ўсе ў сям’і падтрымлівалі ягоны выбар. Бабуля марыла, каб Артур стаў настаўнікам, а бацькі сумняваліся ў надзейнасьці гэтай прафэсіі.

«Яны сказалі: „Мы супраць, але спыняць ня будзем — гэта тваё жыцьцё“. Я паступіў у Берасьцейскі дзяржаўны тэхналягічны каледж на кухара, і так пачалася мая гісторыя», — расказаў хлопец.

Пасьля каледжа Артур працягнуў удасканальвацца, працуючы ў розных краінах. У Варшаве ён пагрузіўся ў японскую кухню, вывучыў тонкасьці працы са сьвежымі морапрадуктамі.

Аднак пандэмія каранавірусу зьмяніла пляны. Установа, у якой ён працаваў, перажывала крызіс, і Артур вярнуўся ў Беларусь. Папрацаваў у гатэлі, а потым пачаў думаць пра новыя гарызонты.

«Чаму Літва? У мяне не было дакладнага пляну. Проста знаёмы прапанаваў, і я падумаў: а чаму не? Я ніколі ня быў у Літве, ня ведаў мовы, але мне заўжды хацелася паспрабаваць нешта новае. Дый мае бабулі добра адгукаліся пра Вільню, Клайпеду, Друскенікі. Так я апынуўся ў Вільні», — расказаў Артур.

Першае месца працы ў Вільні аказалася незвычайным: установа сумяшчала італьянскую і японскую кухні. Адпрацаваўшы там паўтара года, Артур зразумеў: яму патрэбен новы выклік — праца ў рэстаране высокага ўзроўню.

І неўзабаве перайшоў у рэстаран пры прэстыжным гатэлі ў Вільні. Сёмін пачынаў з халоднага цэху, гатаваў закускі і салаты, затым перайшоў на гарачыя, калі ўжо даводзілася гатаваць паўнавартасныя стравы. Сярод папулярных страў гэтага рэстарана — паста з крэвэткамі і стэйк з тунца.

Артур разважае пра нацыянальную кухню, параўноўваючы беларускія, літоўскія і польскія традыцыі. Ён упэўнены, што кожная кухня мае свой характар, які важна захаваць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG