У 2024 годзе суд Астравецкага раёну прыцягнуў 51 чалавека да адміністрацыйнай адказнасьці паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»), паведамляе «Астравецкая праўда» са спасылкай на старшыню суду Астравецкага раёну Сьвятлану Лабар.
Асноўнай мерай пакараньня ў большасьці выпадкаў былі штрафы памерам 840–1050 беларускіх рублёў (20–25 базавых велічынь). Некаторых каралі адміністрацыйным арыштам на 15 дзён.
Пры гэтым ва ўсіх выпадках канфіскавалі «сродкі ўчыненьня правапарушэньня» — мабільныя тэлефоны, паведаміла старшыня суду Астравецкага раёну.
- Толькі за 2024 год беларускія суды прынялі 1444 рашэньні аб прызнаньні інфармацыйнай прадукцыі, сымболікі, атрыбутыкі, друкаваных і кніжных выданьняў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», што складае 40,5% ад агульнай колькасьці рашэньняў з 2008 году, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
- Паводле зьвестак «Вясны», за 2024 год у цэлым да адміністрацыйнай адказнасьці паводле арт. 19.11 КаАП прыцягнулі сама меней 2000 чалавек. Гэтая лічба няпоўная і можа быць значна большай, бо рэжым Лукашэнкі ўсё больш дбайна хавае рэпрэсіі ў Беларусі, адзначаюць праваабаронцы.
- «Экстрэмізмам» беларускія ўлады прызнаюць дзеяньні, накіраваныя, сярод іншага, на дапамогу палітвязьням і іхным сем’ям. Сілавыя органы выкарыстоўваюць такія абвінавачаньні для працягваньня палітычных рэпрэсій. Як экстрэмізм з 2020 году ўлады трактуюць фактычна любыя праявы нязгоды зь імі, публікацыі незалежных СМІ. За распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць, за «экстрэмісцкія фармаваньні» — крымінальная.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум