Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі ўрад выдзеліў на будоўлю новага Нацыянальнага гістарычнага музэю ў Менску


Пляніровачнае рашэньне будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю, выява БЕЛТА
Пляніровачнае рашэньне будынку Нацыянальнага гістарычнага музэю, выява БЕЛТА

Будынак музэю, на задумку ўладаў, разьмесьціцца ў Цэнтральным раёне сталіцы, паміж праспэктам Пераможцаў, вуліцай Арлоўскай і ракой Сьвіслаччу. Раней на гэтым месцы быў парк «Дрымлэнд». Новаму комплексу зьбіраюцца даць назву «Парк народнага адзінства».

На будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музэю зь дзяржаўнага бюджэту ўлады выдзелілі 6 млн рублёў, вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Выдзеленыя грошы пойдуць у тым ліку і на фінансаваньне праектна-пошукавых працаў, якія папярэднічалі пачатку ўзьвядзеньня аб'екта, вынікае з дакумэнту.

6 верасьня Лукашэнка расказаў пра новы гістарычны музэй, які мае зьявіцца ў Менску.

«Ніякай палітызацыі. Ніякага „ўра“ ў дачыненьні да там Лукашэнкі, пятровых, сідаравых, якія нібыта вяршылі гісторыю, а народу пры гэтым не відаць. Усё павінна быць абсалютна аб’ектыўна і заслужана», — сказаў Лукашэнка пра будучы музэй.

І загадаў, каб з канцэпцыяй гісторыі ў гэтым музэі «маглі пагадзіцца ня толькі беларусы, але і іншыя народы».

Разам з тым яшчэ ў 2022 годзе Лукашэнка стварыў Раду па гістарычнай палітыцы. Яна стала пастаянна дзейным міжведамасным кансультатыўным і каардынуючым органам «па правядзеньні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сфэры гістарычнай памяці».

Гэтая структура вызначае стратэгіі і задачы гістарычнай палітыкі, распрацоўвае падыходы і меры па яе рэалізацыі, каардынуе дзейнасьць дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у сфэры гістарычнай палітыкі, рыхтуе ў рамках кампэтэнцыі праекты нарматыўных прававых актаў і заключэньняў, вывучае маніторынг грамадзкай думкі па сацыяльна-гуманітарных пытаньнях.

Акрамя таго, рада мае права ініцыяваць прысваеньне найменьняў геаграфічным аб’ектам і іх перайменаваньне, увекавечваньне памяці загінулых вайскоўцаў, вядомых асобаў, каардынаваць выдавецкую дзейнасьць, у тым ліку даваць рэкамэндацыі па прадухіленьні і спыненьні парушэньняў у галіне захаваньня гістарычнай памяці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG