Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэру з палітычнымі называлі «кантрольнай». Арыштаваны за плякат «Лукашэнку ў Гаагу» расказаў пра парадкі на Акрэсьціна


Турма на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота
Турма на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота

Былы зьняволены з палітычных матываў ужо выехаў зь Беларусі.

Жыхар Менску Міраслаў расказаў журналістам «Люстэрка» пра тое, чаму ён вырашыў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 26 студзеня выйсьці на плошчу з пратэставым плякатам, у якіх умовах сядзеў у турме на Акрэсьціна, зь якімі арыштантамі там сустрэўся.

Міраславу 21 год, цяпер ён не ў Беларусі. Увесну мінулага году ён скончыў каледж і па разьмеркаваньні стаў працаваць электраманцёрам на Менскам мэханічным заводзе імя Вавілава. Да восені 2024-га палітыкай асабліва не цікавіўся. Паваротным момантам стала сытуацыя, калі на прадпрыемстве яго «прымусілі ўступіць у прафсаюз».

Міраслаў кажа, што ў сярэдзіне сьнежня 2024 году «адчуў», што хоча выйсьці зь пікетам у дзень выбараў 26 студзеня. Ці разумеў малады чалавек, што яго затрымаюць і будуць наступствы? Ці баяўся ён?

«Страшна было да таго, як зьявіліся перакананьні. Удзельнічаць у галасаваньні ў Каардынацыйную раду праз VPN баяўся. Былі думкі, што адразу прыедуць сілавікі, — успамінае Міраслаў. — А потым пачалося... Прафсаюз... Я ніколі не ўваходзіў у такія арганізацыі. У той самы БРСМ. Пачаў глядзець больш інтэрвію былых палітычных зьняволеных, і страх неяк пачаў праходзіць. Пачаў пакідаць камэнтары на YouTube. Праўда, пад псэўданімам, не хацелася, каб мяне затрымалі раней часу. Зьявілася разуменьне, што я вольны чалавек. Хацелася данесьці сваю пазыцыю. Прыгадаў зварот Уладзіміра Зяленскага [да грамадзян Расеі 2022 году]. Той казаў, што расейцы ня выйшлі. Я падумаў, чаму б мне ня выйсьці? Калі б усё так зрабілі, усё б зьмянілася. Вырашыў пачаць зь сябе.

26 студзеня на кавалку кардону Міраслаў напісаў «Лукашэнку ў Гаагу» і намаляваў бел-чырвона-белы сьцяг. Днём ён паехаў да станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа». Стаў ля помніка клясыку і падняў плякат над галавой. Кажа, што пасажыры аўтобуса, які праяжджаў міма, глядзелі на яго са зьдзіўленьнем.

Паводле Міраслава, хвілін празь дзесяць побач зь ім зьявіўся чалавек у цывільным. Паказаў дакумэнты, але так, што Міраслаў не пасьпеў разгледзець, да якіх сілавых структур ён належыць. Мужчына надзеў на хлопца кайданкі, адвёў яго ў падземны пераход і паставіў тварам да сьцяны. Да сілавіка падышоў напарнік, і яны сталі чакаць транспарт, каб адвезьці Міраслава ў РУУС.

Увечары Міраслава прывезьлі ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня) на Акрэсьціна. Там ён правёў адзін дзень. У камэры на траіх было дзесяць чалавек, сьвятла там не выключалі. Сядзелі зь ім ня толькі палітычныя.

«Асабліва прэсінгу не было. Адзінае, не выдавалі лыжкі, таму кашу бралі хлебам», — успамінае Міраслаў.

На наступны дзень быў суд. Працэс праходзіў онлайн. Судзілі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). У пастанове суду, якая ёсьць у Міраслава, пазначана, што ён правёў «пікетаваньне без адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму». Маладому чалавеку прысудзілі арышт на 15 дзён.

«Адметна, што на судзе я выразна не прызнаў віны, але ў пратаколе ў мяне напісана інакш», — адзначыў суразмоўца «Люстэрка».

Пасьля суду хлопца перавялі ў ЦІП (Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў). Там ён пасьпеў пабываць у дзьвюх камэрах. У першай знаходзіліся ня толькі палітычныя: былі нават тыя, каго вазілі на працу.

«Камэра была чатырохмесная, там сядзела ў розны час сем-дзесяць чалавек, гэта значыць даволі камфортна. Пакой немалы, месца хапала. Стаяў стол, лаўкі. Былі часопісы, кнігі, крыжаванкі, хлеб», — апісвае ўмовы Міраслаў.

Сукамэрнікі яму расказвалі, што напярэдадні выбараў іх зводзілі ў душ, хаця даўно такога не было.

Умовы ў другой камэры, дзе былі адны палітычныя, былі горшыя. Супрацоўнікі ЦІП паміж сабой называлі яе «кантрольная». У двухмесным памяшканьні сабралі 15 чалавек. «Тут моцна грэлі батарэі, таму было вельмі горача.

«Мужчына ва ўзросьце казаў, што проста задыхаецца, — успамінае Міраслаў. — Мы прасілі вэнтыляцыю ўключыць. У папярэдняй камэры яна працавала, і акно адчынялася, атрымлівалася праверыць».

Паводле Міраслава, у асноўным палітычныя, якіх ён сустрэў на Акрэсьціна, сядзелі за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Яшчэ быў адзін, каго забралі за аватарку на Facebook, і мужчына, арыштаваны за гірлянду.

Па словах Міраслава, пакуль ён знаходзіўся ў ЦІП, да іх прыходзілі супрацоўнікі ізалятара і прапаноўвалі патэлефанаваць родным, папрасіць заплаціць за знаходжаньне на Акрэсьціна.

«Падчас тэлефанаваньня сваякам нельга было казаць пра самаадчуваньне», — успамінае ён і адзначае, што мэдычнай дапамогі «абсалютна не было».

«У мяне моцна апухла нага. Відаць, клапы пакусалі. Яны былі ва ўсіх маіх камэрах. У чалавека, які сядзеў са мной, была падагра і таксама апухла нага. Нам давалі парацэтамол або нешта такога кшталту».

Нягледзячы на размовы супрацоўніка РУУС пра магчымую «крыміналку», за час у вязьніцы на Акрэсьціна ніхто са сьледчых да Міраслава не прыходзіў. Пасьля таго, як скончыліся 15 сутак, яго адпусьцілі.

«Думаю, мне проста далі шанец. Або, магчыма, яны чакалі, пакуль заплачу за харчаваньне і пражываньне ў ЦІП, а гэта, здаецца, 250 рублёў. Я разумеў, што ў любы момант мяне могуць арыштаваць, таму на наступную раніцу выехаў з краіны», — расказаў Міраслаў «Люстэрку».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG