Імпрэза адбылася дзякуючы беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» і чэскай недзяржаўнай арганізацыі «Чалавек у нядолі» (Člověk v tísni), якая займаецца адукацыяй і абаронай правоў чалавека.
Два гады таму вынесьлі прысуд віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціну Стэфановічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімеру Лабковічу і заснавальніку «Вясны» Алесю Бяляцкаму. Ужо ў зьняволеньні ў 2022 годзе Бяляцкі стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
Праваабаронцаў абвінавачвалі ў «кантрабандзе» і «фінансаваньні групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Яны не прызналі ніводнага з абвінавачаньняў, і атрымалі 9, 7 і 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Пазьней Алеся Бяляцкага этапавалі ў папраўчую калёнію № 9 у Горках, Валянціна Стэфановіча — у ПК № 15 у Магілёве, а Уладзіміра Лабковіча — у ПК № 17 у Шклове.
Цяпер у зьняволеньні знаходзяцца пяцёра вясноўцаў: Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Алесь Бяляцкі і валянтэр праваабарончай службы Андрэй Чапюк.
Праваабаронца «Вясны» Канстанцін Старадубец шмат расказваў пра пагаршэньне ўмоваў, у якіх трымаюць палітзьняволеных. Ён лічыць, што «для шматлікіх актывістаў вялікія прысуды — насамрэч сьмяротнае пакараньне, бо ня кожны зможа пражыць у такіх умовах». Амаль ва ўсіх палітзьняволеных вясноўцаў вельмі моцна пагоршылася здароўе, а супрацоўнікі калёній выкарыстоўваюць абмежаваньне перадач зь ежай і лекамі як інструмэнт дадатковага ціску.
Пад час сустрэчы адбылося адкрыцьцё выставы «Нязломныя» ў праскім пасажы Люцэрна. Гэта частка міжнароднай кампаніі салідарнасьці #FreeViasna. Яна ўжо была прадстаўленая ў Літве, Латвіі, Польшчы, Даніі, Нямеччыне і Бэльгіі, каб нагадаць сьвету пра сілу і мужнасьць тых, хто працягвае змагацца за свабоду ў Беларусі. Аўтар праекту — вядомы беларускі мастак, які вымушаны заставацца ананімным дзеля ўласнай бясьпекі.
«Гэтая выстава — ня проста выраз салідарнасьці, гэта напамін пра суровую рэальнасьць, зь якой сутыкаюцца тыя, хто трапіў у турму проста за тое, што казаў праўду, бараніў правы чалавека ці выказваў свае погляды. У Беларусі людзі апынаюцца за кратамі за тое, што напісалі адно слова, падзяліліся выявай, зрабілі рэпост незалежных СМІ ці дапамагалі незалежным мэдыя ці ініцыятывам. Страх і рэпрэсіі прымусілі шмат каго замоўкнуць ці пайсьці ў выгнаньне», — сказаў праваабаронца «Вясны» Канстанцін Старадубец
Сама інсталяцыя — партрэты зьняволеных вясноўцаў, нібыта вышытыя крыжыкам на белай тканіне. Толькі калі прыгледзісься, становіцца зразумела, што заместа нітак ананімны мастак выкарыстаў мэталёвыя пруты як сымбаль моцы тых, хто цяпер за кратамі.
Наведаць выставу можна да 21 сакавіка.
Што вядома пра жыцьцё вясноўцаў зараз?
Валянцін Стэфановіч у зьняволеньні працаваў на вельмі небясьпечным прадпрыемстве — ачышчаў правады ад ізаляцыі, каб здабыць каштоўныя мэталы. Пасьля гэтага, у 2024 годзе, праваабаронцу зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу на шэсьць месяцаў.
Ад часу арышту ад Алеся Бяляцкага вельмі рэдка даходзяць навіны родным. Апошнюю паштоўку з кароткім «У мяне ўсё па-старому» жонка Бяляцкага Натальля Пінчук атрымала восеньню мінулага года. Нядаўна стала вядома, што Бяляцкі быў у турэмнай лякарні і нават ня працаваў — стан ягонага здароўя пагоршыўся.
За час зьняволеньня ва Ўладзіміра Лабковіча значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі, бяссоньніцу, моцнае пагаршэньне зроку. Уладзіміра дома чакае дачка і двое хлопчыкаў-блізьнят. Праваабаронца ў сваіх старых лістах да калегаў вельмі хваляваўся, што яны растуць без яго і ён ня можа прыняць удзел у іх выхаваньні.
Марфа Рабкова у зьняволеньні страціла вельмі шмат вагі і мае сур’ёзныя праблемы з зубамі.
Форум