Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырасла колькасьць беларусаў, якія зьяжджаюць на заробкі за мяжу. Большасьць — у Расею


Беларуска-расейская мяжа
Беларуска-расейская мяжа

У 2024 годзе 112,4 тысячы беларусаў выяжджалі працаваць за мяжу. Гэта на 1,9% больш, чым у 2023-м, паведамляе тэлеканал Белсат са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат).

Паводле афіцыйных зьвестак, прыведзеных у дасьледаваньні хатніх гаспадарак адносна праблемаў занятасьці, большасьць беларусаў, якія летась зьяжджалі на заробкі за мяжу, — 64,2% — ехалі ў Расею.

Пры гэтым польская Ўправа сацыяльнага страхаваньня нядаўна паведаміла, што ў Польшчы павялічваецца колькасьць афіцыйных працаўнікоў з Беларусі, хоць агулам тэмпы росту моцна запаволіліся. На канец 2024 году ў Польшчы афіцыйна працавалі 134 900 беларусаў, што на 5500 чалавек больш, чым у 2023-м. Але статыстыка ўлічвае толькі тых, хто ахоплены пэнсійным страхаваньнем. У Польшчы вельмі шмат беларусаў, якія працуюць неафіцыйна.

Прырост беларускіх працаўнікоў у Польшчы ў 2024 годзе быў самым нізкім за апошнія гады з прычыны запаволеньня палітычнай эміграцыі з Беларусі і праз узмацненьне жорсткасьці польскай візавай палітыкі.

Белстат сьцьвярджае, што ў 2024 годзе ў Беларусі былі занятыя 67,5 % грамадзянаў ва ўзросьце 15–74 гадоў, а ўзровень беспрацоўя склаў 3%. У агульнарэспубліканскім банку вакансіяў станам на 3 сакавіка 2025 года было 188 817 прапановаў працы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG