«Ужо ідуць падрыхтоўчыя мерапрыемствы, з упэўненасьцю скажу, што меры бясьпекі будуць прынятыя, і бясьпеку мы гарантуем. Усе грамадзяне могуць быць упэўненыя», — цытуе чыноўніка прэс-служба МУС.
Міністар заявіў, што «беларуская міліцыя ў гэтым пляне ніколі ня дзейнічае паводле „старых схем“, аналізуе сытуацыю ўнутры краіны і адпрацоўвае замежны парадак дня».
Якім чынам, на думку Кубракова, «замежны парадак дня» ўплывае на бясьпеку правядзеньня УНС, прэс-служба ведамства не ўдакладніла.
22 лютага стала вядома пра стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзеньні паседжаньняў сёмага УНС. Аргкамітэт узначаліў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка.
У яго склад увайшло 35 асоб: кіраўнікі Нацыянальнага Сходу, міністэрстваў і ведамстваў, аблвыканкамаў, прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант і першы сакратар ЦК праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Аляксандар Лук’янаў і іншыя.
Пра тое, што паседжаньне заплянаванае на красавік, заявіў Аляксандар Лукашэнка 11 лютага.
Усебеларускі народны сход склікаецца з ініцыятывы Лукашэнкі з 1996 году, як правіла, у пэрыяд палітычных кампаній.
VII паседжаньне УНС, якое атрымала канстытуцыйны статус згодна з афіцыйнымі вынікамі не прызнанага заходнімі краінамі рэфэрэндуму 27 лютага 2022 году, было праведзена ў Менску летась 24–25 красавіка. Старшынём прэзыдыюму абралі Лукашэнку.
Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС зьяўляецца «вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя», які вызначае «стратэгічныя кірункі разьвіцьця грамадзтва і дзяржавы», забясьпечвае «непахіснасьць канстытуцыйнага ладу, пераемнасьць пакаленьняў і грамадзянскую згоду». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
УНС зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і зьнешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця; заслухоўвае штогадовыя пасланьні прэзыдэнта да парлямэнту; мае права заканадаўчай ініцыятывы, можа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў ды інш.
Форум