Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 10 разоў вырасла чарга легкавікоў на мяжы з Польшчай за выходныя, — Памежны камітэт Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга легкавікоў на польска-беларускай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарга легкавікоў на польска-беларускай мяжы

За выходныя дні чарга легкавога транспарту на ўезд у Польшчу павялічылася больш як у 10 разоў, паведаміла 3 сакавіка прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Перад адзіным даступным для легкавых аўтамабіляў польскім пунктам пропуску «Тарэспаль» (зь беларускага боку «Берасьце») у чарзе па стане на 10:00 3 сакавіка знаходзіліся 330 легкавікоў. У пятніцу 28 лютага ў гэты ж час (па стане на 10:00) уезду ў Польшчу тут чакалі 30 легкавых аўтамабіляў.

Як сьцьвярджаюць у Памежным камітэце, польскія памежнікі за два дні прынялі на сваю тэрыторыю «33% аўтамабіляў ад нормы».

Самы загружаны маршрут у Эўразьвяз для грузавога транспарту праходзіць празь літоўскі пункт пропуску «Салечнікі» (зь беларускага боку «Беняконі»), адзначаюць у Памежным камітэце Беларусі. З 28 лютага вялікая колькасьць фураў, якія чакаюць тут уезду на сумежную тэрыторыю, вырасла з 260 да 300.

У пункце пропуску Меднікі — Каменны Лог на літоўска-беларускай мяжы за выходныя чарга павялічылася з 250 да 280 грузавых аўтамабіляў.

Уезду ў Польшчу на памежным пераходзе Кукурыкі — Казловічы па стане на 10:00 3 сакавіка чакалі 160 фураў.

У Памежным камітэце Беларусі нагадваюць, што ва ўсіх памежных пунктах пропуску на беларускім баку ёсьць магчымасьць зарэгістравацца ў сыстэме электроннай чаргі для ўезду на іх тэрыторыю.

  • На гэты момант на беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі адзін пераход для грузавых аўтамабіляў: Казловічы — Кукурыкі, а таксама адзін для легкавога транспарту і аўтобусаў: Берасьце — Тарэспаль. Так, на зімовыя сьвяты чэргі на выезд зь Беларусі праз гэты пункт перавышалі 2500 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў.
  • Польшча цяпер не разглядае адкрыцьця пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю з прычыны адсутнасьці крокаў насустрач у вострых пытаньнях з боку Менску, заявіў у студзені кіраўнік МУС Польшчы Томаш Семоняк.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG