Судзяць беларуску, якую дэпартавалі з Расеі
Жыхарку Баранавічаў Ірыну Пазьнякевіч затрымалі ў Маскве. Пасля дэпартацыі яе зьмясьцілі ў менскі СІЗА і 3 сакавіка пачынаюць судзіць за палітыку. Працэс пачынаецца 3 сакавіка 2025 году ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску. Ёй інкрымінавалі 342 ч. 1 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Ірыне пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
Ірыне Пазьнякевіч (Шульга) 26 гадоў. Яна родам з Баранавічаў, таксама жыла ў Івацэвічах. Паводле зьвестак з сацсетак, жанчына працавала ў розных сфэрах, напрыклад была санітаркай. Па стане на 2019 год у яе было малое дзіця, піша «Наша ніва».
У кастрычніку 2020-га Ірына знаходзілася ў ізалятары ў Жодзіне — яе затрымалі за ўдзел у пратэстах.
У лютым 2021 году яна перабралася ў Расею. Тэрмін яе легалізацыі скончыўся 14 студзеня 2024 году, але яна ня выехала з Масквы на радзіму, а засталася там.
У кастрычніку 2024 года Ірыну судзілі ў Мікулінскім раённым судзе Масквы. Ёй прысудзілі 5 тысяч расейскіх рублёў штрафу (каля 50 даляраў) і дэпартацыю з Расеі.
Па звестках Dissidentby, з 20 сьнежня 2024 году Ірына Пазьнякевіч знаходзіцца ў менскім СІЗА.
У Горадні пачынаецца чарговы суд за «здраду дзяржаве»
3 сакавіка ў Горадзенскім абласным судзе пачынаецца працэс у дачыненьні да Ягора Сацішура. Яму інкрымінавана ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Працэс прызначана весьці судзьдзя Зінаіда Барцэвіч.
Ініцыялы фігуранта справы супадаюць з 22-гадовым Ягорам Сацішурам. Згодна з інфармацыяй з сацыяльных сетак, хлопец вучыўся на юрыдычным факультэце ў Берасьці, а пасьля жыў у Польшчы.
У студзені прапагандыст Азаронак даў інтэрвію журналістцы Ксеніі Сабчак. Падчас размовы Сабчак узяла са стала Азаронка ліст з пастановай аб прызнаньні яго пацярпелым у крымінальнай справе.
Сабчак зачытала на камэру дэталі пастановы. У лісьце гаворыцца, што нейкі Сацішур сабраў і перадаў замежнай дзяржаве пэрсанальныя зьвесткі Азаронка. Прапагандыст расказаў, што гэта ён падаў заяву на Сацішура за тое, што той выклаў у інтэрнэт асабістыя дадзеныя журналіста, пісала «Люстэрка».
Форум