У Быхаўскім раёне 56-гадовая жанчына памерла ад вострага атручэньня алькаголем, паведаміла БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў (ДКСЭ) па Магілёўскай вобласьці Ірына Рачкоўская.
На пачатку студзеня нежывое цела вяскоўкі па месцы жыхарства знайшла суседка. Нябожчыца жыла адна, злоўжывала сьпіртовымі напоямі, не працавала.
Для ўстанаўленьня дакладнай прычыны сьмерці цела памерлай накіравалі ў морг Быхаўскага міжраённага аддзелу ДКСЭ. Хімічная экспэртыза паказала ў крыві памерлай этылавы сьпірт у высокай (таксычнай) канцэнтрацыі — 9,3 праміле. Такая канцэнтрацыя дасягаецца пры ўжываньні ня менш як 0,5 л чыстага сьпірту, або трох бутэлек гарэлкі.
У практыцы судовых мэдычных экспэртаў Магілёўскай вобласьці гэты паказчык канцэнтрацыі этылавага сьпірту ў крыві памерлых стаў адным з найбольш высокіх за ўсю практыку. Сьмяротнай лічыцца канцэнтрацыя этылавага сьпірту ў крыві 5 праміле і вышэй, аднак гібель чалавека можа наступаць і пры меншых канцэнтрацыях.
Форум