Міністэрства фінансаў 28 лютага паведаміла аб чарговай выплаце працэнтнага даходу па эўрааблігацыях Belarus-2030.
Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, памер выплат склаў 18,6 млн даляраў ЗША беларускімі рублямі ў эквіваленце. Такім чынам, улады працягваюць разьлічвацца з трымальнікамі не далярамі, а нацыянальнай валютай.
«Сродкі ў поўным аб’ёме» былі залічаныя на асобны банкаўскі рахунак у «Беларусбанку».
Аб выплаце працэнтнага даходу па эўрааблігацыях Belarus-2026 і Belarus-2031 у памеры 38,6 млн даляраў у эквіваленце Мінфін паведамляў 24 лютага 2025 году.
Ведамства таксама анансавала «плянавую замену» 28 лютага беларускіх эўрааблігацый з пагашэньнем 28 лютага 2030 году (Беларусь-2030, ISIN XS1760804184 / US07737JAC71) дзяржаўнымі аблігацыямі выпуску № 336.
Калі гэта пачалося
28 чэрвеня 2022 году Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі сумесную пастанову, згодна зь якой «выкананьне даўгавых абавязаньняў па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на замежных фінансавых рынках, будзе ажыцьцяўляцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацбанка на дату плацяжу».
З таго часу Беларусь практыкуе пералічэньне плацяжоў па даўгах у рублях на спэцрахунак у «Беларусбанку».
Улады настойваюць, каб плацежны агент самастойна забіраў сродкі з гэтага рахунку і разьлічваўся з фундатарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў адносінах да беларускіх эўрабондаў.
Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам.
Як гэта тлумачаць
Беларусь «сутаргава шукае рашэньні, як выканаць абавязаньні перад інвэстарамі», якія купілі беларускія эўрааблігацыі, заявіў 29 ліпеня 2024 году дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Шпакоўскі.
«Беларусь апынулася ў форс-мажорнай сытуацыі. На момант набыцьця гэтых эўрабондаў юрыдычных рашэньняў аб увядзеньні санкцый не было. Мы цяпер, як і Расея, знаходзімся пад санкцыямі Захаду. Зразумела, што на сёньняшні дзень патрабаваць выконваць гэтыя абавязаньні ў замежнай валюце, як мне здаецца, некарэктна», — сказаў тады ён.
Форум